З 19 па 21 ліпеня ў санктуарыі Маці Божай Валадаркі азёраў у Браславе адбыліся Чацвёртыя Агульнабеларускія дні моладзі, прымеркаваныя да 25-гадовага юбілею з часу заснавання Віцебскай дыяцэзіі.
На сустрэчу ў санктуарый Віцебскай дыяцэзіі прыбылі маладыя людзі з розных куткоў Беларусі, у тым ліку з Гродзеншчыны.
Святую Імшу ў першы дзень сустрэчы моладзі цэлебраваў каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Уладзімір Гуляй. У ёй удзельнічалі іншыя біскупы і прэзбітэры, сярод якіх былі душпастыры моладзі з розных дыяцэзій, і Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.
У гаміліі біскуп Уладзімір Гуляй сказаў маладым людзям: “Мы сапраўды верым, што ваш энтузіязм, ваша вера і братэрская любоў змогуць змяніць аблічча гэтай нашай зямлі”. Ён адзначыў, што гэты з’езд моладзі – таксама нагода паказаць жывы Касцёл, што маладыя людзі самі стварылі такія сустрэчы і што дні моладзі нярэдка становяцца для душпастыраў вялікай неспадзяванасцю,перарастаюць тое, чаго яны чакаюць.
“У цэлым не важнае тое, што я вам скажу, – важнае тое, што вы мне скажаце. Скажаце не абавязкова словамі, скажаце вашай прысутнасцю, вашым спевам, можа, нават вашым танцам, вашымі інсцэніроўкамі, урэшце, вашым энтузіязмам”, – сказаў іерарх.
“Ключавыя словы нашых разважанняў – “радасць” і “надзея”. Якой мовай выразіць усё тое, што нясе хрысціянскае перажыванне радасці і надзеі? Для гэтага не падыходзіць мова халоднага разважання і безасабовай інфармацыі. Перажыванне патрабуе чагосьці большага. Хоча саўдзельнічаць у радасці, утвараць яе і перадаваць іншым. Менавіта таму ў досведзе Касцёла і яго літургічнай малітве павінна быць больш месца для мовы захаплення і падзякі. Сучаснаму чалавеку, які часта заклапочаны і прыгнечаны няўдачамі, сёння патрэбна новае святло, адшуканне матываў радасці і надзеі”, – адзначыў каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі.
“Калі Пан Езус адыходзіў у неба, то пакінуў вучням наказ: “Ідзіце і абвяшчайце Евангелле ўсім народам”. І сёння мы стараемся ісці, стараемся думаць, чаго Пан ад нас чакае, шукаем спосабаў абвяшчэння Евангелля, якія падыходзяць для сённяшніх часоў… Ідучы і абвяшчаючы Евангелле, мы мусім усвядоміць, што ў нас ёсць велізарны скарб. Гэты скарб – надзея, – дадаў біскуп. – Хрысціянін, які радуецца надзеяй, – гэта чалавек, які ўсведамляе, што нават калі ёсць гэтыя хмары, то там ёсць і Хрыстус, які нас вядзе, які з’яўляецца святлом і да якога і з якім мы крочым. Гэта неверагодная надзея, дзякуючы якой я магу радавацца, нягледзячы на розныя жыццёвыя цяжкасці. І гэта, магчыма, ключ да таго, каб занесці Евангелле свету, якому якраз гэта і патрэбна”.
Біскуп патлумачыў, што “хрысціянская надзея – гэта не лёгкі аптымізм ці нейкае плацэба для наіўных, яна не засноўваецца на тым, што мы будзем пастаянна, як праславутую мантру, паўтараць, што ўсё будзе добра”. Надзея “патрабуе нашай блізкасці і нашай актыўнасці”, “сілкуецца – як сказаў моладзі Папа – нашымі штодзённымі выбарамі”.
“Тут, у Браславе, углядаючыся ў хараство прыроды, у цудоўныя краявіды гэтай зямлі, любуючыся Браслаўскімі азёрамі, лепш разумееш наказ Хрыста, звернуты да вучняў, – “Выплывіце на глыбіню!” – адзначыў іерарх. – Гэта заклік нашай Маці і Каралевы: “Duc in altum! Выплыві на глыбіню, выплыві на глыбіню, каталіцкая моладзь Беларусі! Пан з табой! Не бойся цяжкасцяў, якія і сёння стаяць на тваім шляху. З Хрыстом ты здабудзеш перамогу! Адважна ідзі да святасці: у ёй крыецца надзейнае абяцанне праўдзівага міру і трывалага развіцця, сапраўднай радасці і трывалай надзеі”.
“Гэтыя словы звернуты да ўсяго Касцёла ў Беларусі, да кожнай дыяцэзіі і парафіі, да кожнага біскупа, святара, кансэкраванай асобы, да кожнага маладога чалавека і кожнага верніка. Іх трэба прыгадваць, бо яны прыдатныя практычна на ўсё жыццё, як прыватнае, так і грамадскае і нацыянальнае. Яны прыдатныя як указальнік дарогі для Касцёла і Айчыны, каб не садзіцца на мель прывычак, а ўваходзіць у глыбіню Божай навукі, у рэалізацыю яе ў штодзённым жыцці. Выплываць на глыбіню – гэта адважна станавіцца на бок дабра і вельмі ясна супрацьстаяць злу. Выплываць на глыбіню – гэта Езусава “Мова ваша няхай будзе: так, так – не, не”, значыць заўсёды станавіцца на бок праўды”, – сказаў іерарх.
“Той, хто прымае Езуса, вучыцца любіць, як Езус. Таму Ён пытае сёння цябе і мяне: ці хочаш поўнага жыцця? І я хачу ад Яго імя цябе спытаць: ці хочаш поўнага жыцця? Пачні з гэтай хвіліны! Прымай радасць і паўнату надзеі, якую дае табе твой Збаўца і Пан, твой найлепшы Сябар і Брат, Езус Хрыстус!” – сказаў біскуп.
Удзельнікам Дзён моладзі ў Браславе прапаноўвалася насычаная праграма, якая ўключала дыялог моладзі з біскупамі, супольную малітву, гульні.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: catholic.by