Skip to main content

Шляхам мучанікаў: адбылася пілігрымка з Гродна ў лес каля Навумавічаў

naumowicze piligrimka 120 ліпеня адбылася пешая пілігрымка з Гродна на месца спачыну ахвяр Другой сусветнай вайны, якое знаходзіцца ў лесе каля Навумавічаў. Сярод мноства жыхароў Гродна і Ліпска, якія былі расстраляны падчас вайны і пахаваны ў гэтым месцы, была і благаслаўлёная Мар’яна Бярнацкая.

Сёлета пілігрымы дзякавалі Богу з нагоды 25-годдзя з часу беатыфікацыі благаслаўлёнай Мар’яны, адной з мучанікаў Другой сусветнай вайны. Беатыфікацыю здзейсніў 13 чэрвеня 1999 г. у Варшаве Папа Ян Павел ІІ, абвясціўшы благаслаўлёнымі 108 мучанікаў таталітарных рэжымаў.

Пілігрымка шляхам мучанікаў нашай зямлі вырушыла з гродзенскага касцёла Маці Божай Анёльскай (францішканскі). У пілігрымцы яе ўдзельнікі, прадстаўнікі розных пакаленняў, углядаліся ў прыклад веры тых, хто застаўся да канца адданы Хрысту і Яго Евангеллю.

naumowicze piligrimka 5

Кожны пілігрым ішоў у гэтае асаблівае на карце нашай краіны месца, палітае мучаніцкай крывёю, з уласнай інтэнцыяй. Акрамя таго, у іх была агульная інтэнцыя: яны маліліся аб міры для ўсяго свету, асабліва ахопліваючы малітвай краіны, якія закрануты ваеннымі канфліктамі і дзе праліваецца кроў нявінных людзей.

Дасягнуўшы Навумавіцкага лесу, які стаў нямым сведкам трагічных падзей, пілігрымы доўга стаялі ў маўчанні, углядаючыся ў крыж, які ўздымаецца на гары. Яны дзякавалі Богу за час гэтай вандроўкі і за сведчанне веры столькіх мучанікаў, якія і сённяшніх людзей просяць аб адвазе – адвазе ў штодзённым жыцці, дома, на працы, на вучобе і ва ўсіх іншых месцах, куды іх пашле Божы Провід.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: Артур Антушэвіч