Skip to main content

Паведамленне Апостальскай Нунцыятуры ў Рэспубліцы Беларусь аб прызначэнні дапаможнага біскупа Пінскай дыяцэзіі

2024 07 19 bpZnoskoСёння, 19 ліпеня 2024 года, Яго Святасць Папа Францішак прызначыў ксяндза Андрэя Зноску, да гэтага часу пробашча парафіі Божай Міласэрнасці ў горадзе Ліда Гродзенскай дыяцэзіі, дапаможным біскупам Пінскай дыяцэзіі, надаючы яму тытулярны пасад Скардоны.

Вышэйзгаданае рашэнне апублікавана сёння, 19 ліпеня 2024 года, ў Рыме а 12-й гадзіне.

Апостальская Нунцыятура віншуе новага дапаможнага біскупа з новай касцёльнай пасадай у Пінскай дыяцэзіі і даручае яго біскупскае служэнне Беззаганнай Маці Божай.

Біскуп намінат Андрэй Зноска нарадзіўся 20 чэрвеня 1980 года ў Бярозаўцы (Гродзенская дыяцэзія, Навагрудскі дэканат).

Святарскае пасвячэнне прыняў 28 мая 2005 года з інкардынацыяй у Гродзенскай дыяцэзіі.

З 2005 па 2007 год служыў вікарыем у катэдральнай базіліцы святога Францішка Ксавэрыя ў Гродне.

З 2007 па 2012 год вывучаў права ў Беларускім дзяржаўным універсітэце (БДУ, Мінск), атрымаў ступень юрыста-правазнаўцы.

З 2012 года — пробашч парафіі Божай Міласэрнасці ў Лідзе.

з 2014 года — суддзя касцёльнага суда Гродзенскай дыяцэзіі.

У перыяд з 2015 па 2018 год вывучаў кананічнае права ва Універсітэце кардынала Стэфана Вышынскага ў Варшаве, атрымаў ступень ліцэнзіята.

З 2018 года з’яўляецца выкладчыкам кананічнага права ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне і кансультантам па прававых пытаннях Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.

У 2022 годзе атрымаў годнасць каноніка Гродзенскага катэдральнага капітула Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Казіміра Каралевіча.

19 ліпеня 2024 года празначаны дапаможным біскупам Пінскай дыяцэзіі з тытулярным пасадам Скардоны — гістарычнай дыяцэзіі на тэрыторыі сучаснай Харватыі (Скрадзін).

Паводле Catholic.by