Skip to main content

Група вернікаў здзейсніла велапілігрымку з Гродна ў санктуарый у Барунах

rowarnaja piligrimka 6Невялікая група вернікаў на чале з сястрой Марленай з Шанштацкага Інстытуту Сясцёр Марыі здзейсніла пілігрымку на роварах у індывідуальным парадку з гродзенскай катэдры св. Францішка Ксаверыя ў санктуарый Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Суцяшальніцы Засмучаных у Барунах (Ашмянскі дэканат). Пілігрымка вырушыла 28 чэрвеня.

Сястра Марлена арганізоўвала такія спантанныя велапілігрымкі ў час пандэміі, калі ўсе пешыя пілігрымкі былі адменены. Законніца знайшла добрую альтэрнатыву пешым пілігрымкам, а таксама ахвотных удзельнічаць у такіх паездках.

Пра пілігрымку ў Баруны распавядаюць удзельнікі.

Магчымасць падзякаваць Богу за прыгажосць стварэння

У роварную пілігрымку я адправілася ўпершыню. Цяжка было адважыцца, ахоплівалі розныя думкі і страхі. Шчыра прызнаюся: сумнявалася да апошняга дня, але вялікае жаданне вырвацца з кола штодзённасці і падтрымка сяброў перамаглі.

Ехала да Маці Божай з пэўнымі інтэнцыямі, але найперш хацелася набыцца, калі можна так сказаць, у цішыні з Богам. У параўнанні з пешай пілігрымкай у роварнай для гэтай цішыні куды больш часу, а дакладней, магчымасцей. Калі пераадольваеш на ровары метры і кіламетры дарогі, а наўкол змяняецца панарама прыроды з рознымі яе праяўленнямі, захоплівае дух ад удзячнасці Богу за гэты бязмежны і прыгожы свет… свет, які заўсёды побач, але за штодзённымі абавязкамі і клопатамі ты яго не заўважаеш. У гэтай атмасферы ты паступова паглыбляешся ў сябе…

rowarnaja piligrimka 7

Цяжка падабраць словы, каб перадаць усю тую радасць і адчуванне Божай прысутнасці, якія ахопліваюць цябе ў пілігрымцы! Гэта трэба проста перажыць!

Да Маці Божай Барунскай паломніцтва мы завяршылі,

Не таму, што МЫ гэта так рашылі і здзяйснілі –

Наш добры Бог даў нам на гэта сілы.

Яго ў сэрца кожны дзень мы запрашалі,

Калі на Эўхарыстыі святой прымалі.

У дарозе Ён ніколі нас не пакідаў,

Людзей сваіх не раз насустрач выпраўляў,

Абставінамі ўсімі мудра кіраваў

І на шляху навуку ўсім Сваю даваў,

Кожны тут кнігу свайго жыцця чытаў…

Я веру, што Багародзіца Марыя шаль любові перад намі рассцілала

І непрыемнасці ўсялякія з анёламі ўхіляла,

І веру, што кожнага Яна ў санктуарыі чакала

І вельмі цёпла і ўтульна там нас прымала.

Хвала Табе, наш добры Бог! Хвала Табе навекі,

Што любіш Ты бясконца сваё стварэнне – чалавека!

Ірына

Важна ствараць між людзьмі атмасферу

Я некалькі разоў хадзіла ў Тракелі пяшком. Прымала ўдзел у пешай пілігрымцы Масты – Рось. Даведалася ад сяброўкі Аксаны, што існуюць велапілігрымкі. Вырашыла паспрабаваць. Удалося! Шмат было страхаў і сумнення. Але варта было толькі выехаць – і ўсе хваляванні сышлі.

Наша пілігрымка маленькая, але ўдаленькая. Дзевяць абсалютна розных людзей за тры дні сталі такімі блізкімі, што пры поглядзе на нас стваралася ўражанне, быццам мы знаёмыя даўно. Унутры нашай кампаніі панавалі адкрытасць, пачуццё ўзаемадапамогі і ўзаемаразумення. Мацнейшы заўсёды працягваў руку слабейшаму. Усё ладзілася і атрымлівалася яшчэ і таму, што ў нас быў цудоўны праваднік – сястра Марлена. Яе залівісты смех дапамагаў узбірацца на самую стромкую горку. Мудрасць яе парадаў дапамагала пазбегнуць многіх праблем.

rowarnaja piligrimka 8

Велапілігрымка – гэта няпроста: спякота, высокія горы. Але атмасфера паміж удзельнікамі здымала ўсю стомленасць. Як толькі мы наблізіліся да надпісу на дарожным знаку “Баруны”, стомленасць як рукой зняло.

Сустрэча з цудадзейным абразом Маці Божай Барунскай дорыць сілы, упэўненасць і жаданне прыехаць сюды яшчэ і яшчэ раз. Выходзьце, выязджайце. Бог благаславіць і ўсё пройдзе выдатна.

Алена

Пайсці за прыкладам іншых

У чарговы раз я пераканаўся, што з Богам сапраўды магчыма ўсё. Сядаючы на ровар, я выдатна разумеў свае магчымасці… Думаў аб тым, што хаця б адзін дзень праеду, будзе цудоўна, я паспрабую тое, пра што так шмат распавядае жонка, якая ўжо шмат разоў удзельнічала ў такіх пілігрымках. Але я праехаў усю дарогу… Праехаў лёгка… Гэта было незабыўна… Удзячны за гэта Пану і ўсім, хто быў са мной у дарозе.

Алег

Мне вельмі спадабалася атмасфера пілігрымкі. Людзі, з якімі мы разам пераадольвалі ўсе перашкоды. Я вельмі добра правяла гэтыя тры дні ў дарозе. З радасцю вырушу разам з імі і ў наступны раз…

Віялета

Крыніца на ўвесь год

Калі не памыляюся, гэта мая ўжо 13-я роварная пілігрымка. Кожная з іх непаўторная, але ёсць у іх і агульнае – праца дарогі, якая здзяйсняецца для блізкай сустрэчы з Панам і з самой сабой…

Гэтыя дарогі злучаюць для мяне фізічнае, душэўнае і духоўнае ў адно і з’яўляюцца для мяне адной з самых магутных крыніц напаўнення на ўвесь год. Вельмі шчаслівая, што зараз за мной гэты шлях раздзялілі і мае любімыя людзі – муж упершыню, а дачушка ўжо не першы раз. І ім, нягледзячы на пэўныя цяжкасці шляху, вельмі спадабалася…

Дзякуем Пану Богу за гэтыя дні, за людзей, якія ехалі разам з намі, а таксама за ўсіх, хто сустракаўся нам на гэтым шляху.

Аксана

Сапраўднае выпрабаванне, якое ўмацоўвае адносіны

Наша роварная пілігрымка з Гродна ў Баруны стала незабыўнай прыгодай і духоўным перажываннем. Разам з жонкай і яшчэ сямю спадарожнікамі, уключаючы сястру Марлену – арганізатара паездкі, мы пераадолелі гэты шлях, напоўнены духоўнымі і фізічнымі выпрабаваннямі.

У ранішнія выезды на досвітку прахалоднае паветра бадзёрыла і зараджала энергіяй на ўвесь шлях, а бяскрайнія палі Беларусі стваралі адчуванне свабоды і яднання з прыродай.

Асабліва запомніліся моманты агульных пасілкаў, калі ўся група збіралася разам. Гэтыя хвіліны адпачынку былі напоўнены цёплымі размовамі і смехам.

Наведванне касцёлаў, размовы са святарамі, знаёмства з новымі людзьмі і іх гасціннасць напаўнялі нас радасцю і энергіяй! Усё гэта дазволіла акунуцца ў атмасферу духоўнасці, паразважаць аб Богу, веры, часовасці і жыцці.

Праязджаючы праз невялікія гарады і вёскі, мы знаёміліся з мясцовым ладам жыцця і побытам. Кожны новы дарожны знак з назвай населенага пункта ўспрымаўся як маленькая перамога на нашым шляху.

Нягледзячы на фізічную стомленасць, якая назапашвалася дзень за днём, пачуццё задавальнення ад пераадолення цяжкасцяў надавала сіл рухацца далей.

Гэтая пілігрымка стала для нас з жонкай не проста падарожжам, а сапраўдным выпрабаваннем, якое ўмацавала нашу сувязь і падарыла мноства яркіх момантаў, якія мы будзем успамінаць яшчэ доўгі час.

І абавязкова паедзем яшчэ па новых маршрутах.

Марына і Раман

Нашае жыццё – пілігрымка

Для мяне веласіпедная пілігрымка з’яўляецца нейкай больш асабістай, духоўна-ўнутранай. Калі ўдзельнічаю ў пешай пілігрымцы, то таксама ўдзельнічаю ў той праграме, якую хтосьці падрыхтаваў, і веру, што праз гэта Бог прамаўляе да мяне. Кожная пілігрымка, усё роўна якая: пешая, веласіпедная ці аўтобусная – напамінае мне, што я толькі пілігрым на гэтай зямлі, што я знаходжуся тут толькі адно імгненне, што накіроўваюся да Мэты.

Кожная пілігрымка – гэта знешняя праява Марыйнага культу, вызнанне веры, пошукі дапаможнай рукі Маці Божай на шляхах майго манаскага жыцця.

Веласіпедная пілігрымка мае больш самотны характар, яна глыбока прасякнута цішынёю, кантактам з прыродай і самім сабой. Мы размаўляем на прыстанках падчас адпачынку, але сам працэс язды ўсё ж такі адбываецца ў цішыні. Кожны ўдзельнік такой пілігрымкі акунаецца ў нейкі свой асабісты напрамак… унутраны, знешні ці той, што тычыцца адносін.

Пілігрымка ў Баруны асабіста для мяне была фізічна больш напружанай і цяжкай з прычыны высокіх тэмператур і язды падчас спякоты часта ўгору. Але была і спасціжэннем чагосьці новага. Побач са мной былі асобы, якія ўпершыню ехалі на роварах у пілігрымку. Таксама ўпершыню разам з намі ў групе ехалі дзве сямейныя пары. Гэта мяне вельмі ўзрадавала.

Часам людзі ў мяне пытаюцца: “Ці не баіцеся вы, сястра, ехаць так далёка? Навошта так пакутаваць на роварах… у манаскім убранні… можна ж аўтамабілем… можна ж хутчэй… можна ж больш зручна, камфортна…” Адказ на гэтае пытанне вельмі просты, але я зрэдку даю яго… Часцей проста ўсміхаюся, як бы спыняю адказ… Як бы хачу, каб той, хто пытаецца, сам прыпыніўся і паразважаў, каб сам пачуў, пра што пытаецца. Гэта такі цікавы парадокс… шмат тых, хто пытае, ведае адказ, але яго не прымае. Баіцца! Канешне, я баюся… бо разумею і з вопыту чатырох годоў такіх веласіпедных пілігрымак ужо ведаю, што гэта, па-чалавечы кажучы, вельмі рызыкоўна. Але тое, што я атрымліваю, для мяне важнейшае, каштоўнейшае і больш патрэбнае. Гэта рызыка, якая мае сваю Мэту.

Духоўнае жыццё, як правіла, з’яўляецца вельмі павольным працэсам… патрабуе часу, намаганняў, змаганняў. Яно напоўнена сэнсам і радасцю набліжэння да Мэты… але павольна, паэтапна… з няўдачамі і перамогамі. Нашае жыццё – гэта пілігрымка.

Сястра Mарлена

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі