Skip to main content

У Каменцы памаліліся за с. Цэцылію Абухоўскую ў 30-ы дзень пасля смерці

cecylia 53 ліпеня ў парафіі св. Антонія Падуанскага і Аб’яўлення Пана ў Каменцы (Шчучынскі дэканат) адбылася святая Імша ў інтэнцыі сястры Цэцыліі Абухоўскай, былой генеральнай настаяцельніцы Інстытута Сясцёр Маці Міласэрнасці (Вастрабрамскай), у 30-ы дзень пасля яе смерці.

Эўхарыстыю, у якой удзельнічала духавенства, законныя сёстры Інстытута Сясцёр Маці  Міласэрнасці i свецкія вернікі, узначаліў каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Уладзімір Гуляй.

Прысутныя памаліліся аб вечным жыцці для спачылай, якая адыграла ключавую ролю ў захаванні ад знішчэння абраза Езуса Міласэрнага, напісанага ў 1934 г. Яўгенам Казіміроўскім па эскізе святой Фаўстыны Кавальскай. З 1956 г. абраз знаходзіўся ў касцёле ў Новай Рудзе пад Гроднам, адкуль паходзіла сястра Цэцылія. Калі савецкія ўлады вырашылі ператварыць касцёл у склад, яна вывезла абраз у Вільню.

Сястра Цэцылія Абухоўская нарадзілася ў 1927 г. у Новай Рудзе. У 1950 г. склала манаскія абяцанні ў Інстытуце Сясцёр Маці Міласэрнасці (Вастрабрамскай).

У часы ганенняў на Касцёл вяла ўкрытае жыццё, апякуючыся патрабуючымі. З 1959 г. служыла арганісткай у парафіі Божага Цела ў Крамяніцы (Ваўкавыскі дэканат).

У 1969 г. распачала служэнне арганісткай і катэхеткай у парафіі св. Антонія Падуанскага і Аб’яўлення Пана ў Каменцы.

На працягу 25 гадоў выконвала абавязкі генеральнай настаяцельніцы супольнасці сясцёр Маці Міласэрнасці. Адышла ў вечнасць у Доме міласэрнасці ў Каменцы 3 чэрвеня.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі