2 ліпеня ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (Радунскі дэканат) адбыўся традыцыйны парафіяльны фэст у гонар Маці Божай Тракельскай.
Каб ушанаваць Найсвяцейшую Панну Марыю і даручыць Ёй свае інтэнцыі і просьбы, санктуарый наведалі ў гэты дзень не толькі мясцовыя вернікі, але і шмат гасцей з навакольных парафій.
Кульмінацыяй адпустовай урачыстасці была святая Імша, якую цэлебраваў на палявым алтары біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
На Эўхарыстыі 128 чалавек прынялі сакрамэнт канфірмацыі.
У гаміліі кс. Віталій Дабраловіч, дырэктар Пастырскага цэнтра пры сакратарыяце Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, засяродзіў увагу на значэнні гэтага сакрамэнту. Святар адзначыў, што канфірмацыя – сакрамэнт хрысціянскай сталасці, у якім людзі атрымліваюць дары Святога Духа, – патрэбная для таго, каб штодзённа вызнаваць сваю веру, жыць ёю і сведчыць сваім жыццём аб адданасці Хрысту.
У канцы Імшы біскуп Гродзенскі звярнуўся да прысутных пілігрымаў. Іерарх заклікаў іх узяць з сабой з гэтай урачыстасці туды, дзе яны жывуць, працуюць ці вучацца, Маці Божую, якую Хрыстус пакінуў людзям як свой тэстамент.
Тым, хто прыняў сакрамэнт канфірмацыі, біскуп пажадаў быць у кожным месцы і ў кожны час яскравым святлом і мець адвагу штодзень жыць Божай навукай.
Пробашч тракельскай парафіі кс. канонік Юрый Бяганскі, кусташ санктуарыя, падзякаваў біскупу за прыбыццё на фэст і заахвоціў усіх прысутных узяць масавы ўдзел у традыцыйных дыяцэзіяльных урачыстасцях, якія адбудуцца ў Тракелях у хуткім часе.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Дзмітрый Пазняк