29 чэрвеня ў парафіі ў Гожы (дэканат Гродна-Усход) адбылася адпустовая ўрачыстасць у гонар святых апосталаў Пятра і Паўла, якіх Касцёл ушаноўваў у гэты дзень. Урачыстасць узначаліў арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч.
На Эўхарыстыі, якую цэлебраваў арцыбіскуп, сабраліся запрошаныя святары, парафіяне і госці. У Гожы культ апосталаў Пятра і Паўла вельмі моцны, і ў гэтую ўрачыстасць у мясцовым касцёле збіраецца на малітве шмат вернікаў.
Пробашч парафіі кс. канонік Павел Шанчук, дэкан дэканату Гродна-Усход, прывітаў прысутных.
Арцыбіскуп у гаміліі нагадаў, што Заходні і Усходні Касцёлы святкуюць урачыстасць апосталаў Пятра і Паўла з сярэдзіны ІІІ стагоддзя.
Кажучы пра гэтых апосталаў, іерарх адзначыў, што, як здаюцца на кагосьці ў рэалізацыі нейкага праекту, падбіраючы адпаведных спецыялістаў, так Езус здаўся на людзей у будаўніцтве Божага Валадарства – але гэтыя людзі былі простымі і, з чалавечага пункту гледжання, зусім неадпаведнымі. Пётр быў галілейскім рыбаком, і сучаснаму адукаванаму чалавеку не прыйшло б у галаву даручыць яму місію апостала, а Павел – фарысеем, які дасканала ведаў Закон і жорстка пераследаваў хрысціян, бо не мог пагадзіцца з тым, што Езус абвяшчае духоўнае, а не палітычнае Валадарства. Рознымі былі і пакліканні гэтых апосталаў: Пятру Езус прапанаваў лавіць людзей у сеткі Касцёла, а Павел пачуў пытанне Езуса, чаму ён пераследуе Яго, і пасля гэтага навярнуўся.
Па словах арцыбіскупа, гісторыя іх паклікання вучыць, “што слабы і грэшны чалавек дзякуючы Божай ласцы можа змяніць сваё жыццё”. Абодва яны ўшаноўваюцца ў адзін дзень, “бо сталі заснавальнікамі Рымскага Касцёла і ў Рыме аддалі жыццё за веру”.
Іерарх назваў фрагмент Евангелля на гэтую ўрачыстасць фундаментальным у эклезіялогіі. У гэтым фрагменце Пётр ад імя вучняў кажа Езусу, што для іх Ён Месія, а Езус у адказ называе Пятра скалой, на якой Ён збудуе Касцёл, які не перамогуць пякельныя брамы. Арцыбіскуп дадаў, што “Пётр як бачная галава Касцёла і вікарый Хрыста працягвае жыць у Рымскіх Папах”, і “калі старажытныя рымляне стараліся распазнаць лёс па шолаху лісцяў дуба на Ватыканскім узгорку, то сёння ўвага свету накіравана на голас Папы, які выказваецца з Ватыкана па маральных і грамадскіх праблемах”.
“Калі ўвесці ключавое слова ў пошукавую сістэму, бяздушны Інтэрнэт адкажа, хто такі Хрыстус. А ці можам адказаць на гэтае пытанне мы, ці не баімся і не саромеемся гэтага?” – прапанаваў падумаць арцыбіскуп.
Ён адзначыў, што “ў cучасным секулярным свеце веруючыя знаходзяцца як быццам паміж молатам і кавадлам, бо агульнае меркаванне людзей пра веру ў Бога і захаванне маральных нормаў далёка не заўсёды адпавядае вучэнню Касцёла”. “Сёння Хрыстус пытаецца ў нас, як калісьці ў апосталаў, кім Ён з’яўляецца для нас, – сказаў іерарх. – Ці маем мы адвагу паўтарыць словы Пятра: “Ты Месія, Сын Бога жывога”? Паўтарыць не толькі словамі, але і сваім жыццём. Ці не баімся асуджэння і асмейвання?” Арцыбіскуп заўважыў, што прызнанне Езуса Месіяй азначае прыняцце Яго вучэння і захоўванне маральных нормаў хрысціянства, а таксама абавязвае да апостальства, каб як мага больш людзей пазнала Евангелле і жыло згодна з ім.
У канцы гаміліі арцыбіскуп у малітоўным закліку звярнуўся з просьбай да Бога адарыць сённяшніх вернікаў ласкаю “быць Пятрамі нашага часу і вызнаваць у Езусе Месію – адзінага Збаўцу свету, каб сваім жыццём удзельнічаць у добрай барацьбе з мэтай абвяшчэння і абароны веры, як Павел”.
Пасля Імшы адбылася эўхарыстычная працэсія.
Пробашч кс. Павел Шанчук падзякаваў удзельнікам урачыстасці за супольную малітву. Парафіяне павіншавалі святара з імянінамі, якія ён адзначаў у гэты дзень.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Галіна Валюшка