Skip to main content

Фэст з удзелам каад’ютара Гродзенскай дыяцэзіі прайшоў у Мсцібаве

mscibowo 19Велічны касцёл у Мсцібаве з багацейшай гісторыяй штогод 24 чэрвеня шчыра вітае ўдзельнікаў фэсту ў гонар Нараджэння святога Яна Хрысціцеля, тытул якога носіць мясцовая парафіяльная супольнасць на чале з пробашчам кс. Паўлам Безляповічам. Гэты год не стаў выключэннем.

У парафіі ў Мсцібаве – адным з найпрыгажэйшых мястэчак Ваўкавыскага дэканату – на Эўхарыстыі, якую ўзначаліў каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Уладзімір Гуляй, сабраліся для малітвы і ўшанавання Яна Хрысціцеля шматлікія ўдзельнікі. Гэта былі святары Гродзенскай дыяцэзіі і Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, шмат свецкіх вернікаў, прадстаўнікі раённай улады і пасольства Венгрыі.

У гаміліі біскуп звярнуў увагу на шэсць каштоўных рысаў асобы Яна Хрысціцеля і заахвоціў усіх несці Езуса ў свет і словам, і ўчынкамі, як рабіў гэты святы.

Таксама менавіта да гэтай даты было прымеркавана ўрачыстае асвячэнне адноўленага абраза нябеснага апекуна парафіі. За гэтую магчымасць і матэрыяльную падтрымку парафія вельмі ўдзячна ксяндзу каноніку Юрыю Санько і вернікам парафіі святога Роха ў Мінску.

mscibowo 11

Акрамя таго, у гэты дзень каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі благаславіў адноўленую плябанію. Прысутныя ў чарговы раз былі прыемна ўражаны гучаннем на Імшы старажытнага аргана. Літургія завяршылася ўрачыстай працэсіяй і пастырскім благаслаўленнем.

Гэты чаканы візіт біскупа, іншых святароў і шматлікіх гасцей стаў для парафіян сапраўднай радасцю, аб чым засведчыла ў вершы ўласнага сачынення госця Алена з Гродна. Яна падаравала сімвалічную карціну з надпісам-абрэвіятурай “м. Мсцібава”: “мястэчка малітвай суцешыць цябе і братоў, ахутае верай, аберажэ…” На фэсце адчувалася, як лёгка і прыемна яднацца для малітвы ў гэтым каларытным месцы з багатай гісторыяй. А асаблівы гонар для вернікаў парафіі – тое, што карані бацькоў каад’ютара Гродзенскай дыяцэзіі бяруць пачатак з гэтай мясцовасці.

Пробашч кс. Павел Безляповіч вельмі ўдзячны ўсім удзельнікам урачыстасці за створаную на ёй атмасферу, шчырую малітву, наведванне і падтрымку гэтай невялікай, але гасціннай парафіі.

Алена Раманчук, прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: студыя “Брава”