26 чэрвеня ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне сабраліся на Эўхарыстыі святары, якія адзначалі ў гэты дзень 25-годдзе з часу прыняцця прэзбітэрскага пасвячэння.
Падтрымаць малітвай юбіляраў, кожнаму з якіх 25 гадоў таму ўдзяліў пасвячэнне біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, прыйшло шмат людзей – свецкіх вернікаў і духавенства.
Юбілярамі з’яўляюцца: каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Уладзімір Гуляй, пробашч гродзенскай катэдральнай парафіі кс. канонік Ян Кучынскі, дэкан Сапоцінскага дэканату і пробашч парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Язафата ў Сапоцкіне кс. Антоні Абухоўскі, пробашч парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Макараўцах (дэканат Вялікія Эйсманты) кс. Павел Беланос, пробашч парафіі Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Вярэйках (Ваўкавыскі дэканат) кс. Валерый Лісоўскі.
Святую Імшу ўзначаліў біскуп Аляксандр Кашкевіч.
У пачатку літургіі іерарх падкрэсліў, што юбілей святарства з’яўляецца найперш днём падзякі Пану за ўсе ласкі, атрыманыя ад Яго.
“Касцёл на Гродзеншчыне сёння дзякуе за ваш дар святарства. Дзякуе за вашу руплівасць, штодзённае служэнне і адданасць. Ахінаем вас малітвай, каб вы маглі і далей з ахвотай і радасцю ў сэрцах адказваць на заклік Пана і заўсёды быць там, куды Ён вас пасылае”, – сказаў юбілярам біскуп.
Адзін з юбіляраў, кс. Павел Беланос, у гаміліі падзяліўся думкамі, звязанымі з гэтай датай. Ён адзначыў, што, дзякуючы за дар Хрыстовага святарства, варта, як 25 гадоў таму, задаць сабе пытанне: “Чым гэтае святарства з’яўляецца для нас сёння, зараз?”
Ксёндз Павел назваў дзень юбілею таксама нагодай зрабіць рахунак сумлення за ўвесь гэты перыяд і зноў распаліць у сабе агонь жадання служыць людзям, да якіх святары былі накіраваны Касцёлам.
Завяршыў гамілію ксёндз Павел зваротам да ўсіх прысутных, сказаўшы: “Застаецца толькі прасіць вас аб малітоўнай падтрымцы, каб мы не сталі фігавым дрэвам, якое не прыносіць плоду”.
У канцы літургіі юбілярам былі выказаны віншаванні. Сярод іншых іх павіншавалі дзеці. Віншаванні ад імя Каардынацыйнай групы вышэйшых настаяцеляў, дэлегатаў і прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых манаскіх інстытутаў і таварыстваў апостальскага жыцця ў Беларусі выказалі кс. Дзяніс Крываносаў SAC і с. Марцэліна Мігач ISSM.
Пробашч катэдральнай парафіі кс. канонік Ян Кучынскі ад імя юбіляраў падзякаваў за дар малітвы і віншаванні.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Максімільян Пік