Skip to main content

Сустрэча членаў Францішканскага ордэну свецкіх прайшла ў Тракелях

orden w trokeliah 122-23 чэрвеня ў дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (Радунскі дэканат) адбылася сустрэча членаў Францішканскага ордэну свецкіх.

У нашыя дні гэтая супольнасць з’яўляецца шматлікай і моцнай групай, на якую Касцёл разлічвае як на адданых людзей, якія дапамагаюць яму абараняць прынцыпы хрысціянскай веры і маральнасці, даючы сведчанне пра Хрыста сваім жыццём, учынкамі, словамі і працай.

Праграма сустрэчы ўключала Эўхарыстыю, Літургію гадзінаў, малітву на ружанцы, Крыжовы шлях, Вяночак да Божай Міласэрнасці, канферэнцыі, начное чуванне з адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту.

Святую Імшу ў нядзелю 23 чэрвеня ў межах сустрэчы ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

“Свецкія францішкане з’яўляюцца “часткай Касцёла, які вырушае ў дарогу”, яны пакліканы сведчыць пра Езуса праз простае жыццё, без прэтэнзій, заўсёды з радасцю ідучы за бедным і ўкрыжаваным Хрыстом, як рабіў святы Францішак Асізскі і многія іншыя члены ордэна, заснаванага ім”, – адзначыў іерарх.

orden w trokeliah 4

Біскуп заахвоціў удзельнікаў сустрэчы “адкрыць сэрцы на Бога, адкрыць сэрцы Хрысту, жывучы сярод звычайных людзей у духу святога Францішка”. “Як Францішак быў “адлюстраваннем Хрыста”, так “адлюстраваннем Хрыста” можаце стаць і вы”, – дадаў іерарх.

Пасля заканчэння Эўхарыстыі біскуп благаславіў у Марыйным садзе фігуры святых Францішка, Рыты і Антонія.

Супольная малітва, яркія ўражанні, цёплыя размовы і добрае надвор’е стварылі на сустрэчы надзвычай утульную атмасферу любові і адзінства.

У канцы сустрэчы кусташ санктуарыя кс. канонік Юрый Бяганскі пажадаў удзельнікам: “Няхай ваша свецкае жыццё будзе напоўнена блізкасцю, спагадай, надзеяй, якая аздараўляе жыццёвыя сітуацыі і адносіны паміж людзьмі”.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі