24 чэрвеня ў парафіі ў Гальшанах (Ашмянскі дэканат) адзначылі адпустовую ўрачыстасць. У гэты дзень у літургічным календары ўзгадвалася Нараджэнне святога Яна Хрысціцеля.
Францішканскі касцёл у Гальшанах пад тытулам святога Яна Хрысціцеля быў пабудаваны больш за 400 год таму. Парафіяне з пашанай ставяцца да свайго нябеснага заступніка, і на ўрачыстасць сабралася мноства мясцовых вернікаў, гасцей і святароў з розных парафій.
Эўхарыстыю ў межах урачыстасці ўзначаліў дэкан Ашмянскага дэканату кс. канонік Ян Пузына.
Пробашч парафіі а. Багуслаў Вуйтовіч OFM Conv звярнуўся да прысутных з прывітальным словам.
Айцец Павел Раманчук OFM Conv у гаміліі прапанаваў удзельнікам свята адказаць сабе на пытанне: “Якая наша вера?” Разважаючы над Божым словам, святар нагадаў, што Захарыя, бацька Яна Хрысціцеля, страціў мову, бо не паверыў абяцанню Пана, што ў пажылым веку ў яго народзіцца сын. Айцец Павел дадаў, што Ян Хрысціцель прыйшоў у свет згодна з Божым планам і што кожны таксама прыходзіць на зямлю, каб споўніць Божую волю, тое пакліканне, якім яго адарыў Бог, – найперш пакліканне да любові.
Святар заклікаў прысутных паразважаць над тым, якімі яны выходзяць з касцёла, з чым вяртаюцца дадому, якія яны ў сем’ях, сярод блізкіх. Таямніцай дасягнення святасці, выканання Божага плану ён назваў жыццё ў любові да бліжняга.
Пасля Імшы адбылася працэсія вакол касцёла і кляштара, каб ахінуць святыню малітвамі і падзякаваць Богу і нябеснаму заступніку парафіі за атрыманыя дары. Урачыста і велічна прагучаў гімн “Цябе, Бога, праслаўляем”.
У канцы парафіяльнага свята пробашч падзякаваў усім прысутным за супольную малітву і павіншаваў тых, хто носіць імя Ян ці Яніна. У сваю чаргу вернікі павіншавалі з імянінамі галоўнага цэлебранта Эўхарыстыі ксяндза каноніка Яна Пузыну.
Людміла Пясецкая, прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі