23 чэрвеня парафія ў Суботніках (Іўеўскі дэканат) адзначыла адпустовую ўрачыстасць у гонар свайго нябеснага апекуна святога Уладзіслава.
Цэлебрацыю ўрачыстай Эўхарыстыі ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Канцэлебравалі Імшу дэкан Іўеўскага дэканату кс. канонік Віктар Субель і куратар першага курса Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне кс. Павел Скуба. Прыступіць да сакрамэнту пакаяння можна было дзякуючы паслузе ў канфесіянале кс. Паўла Калесніка, пробашча парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі.
Літургію аздабляў спевам парафіяльны хор.
У пачатку Імшы пробашч парафіі кс. Аляксандр Лебядзевіч прывітаў біскупа, іншых прысутных святароў, парафіян і гасцей. Словы радасці ад сустрэчы выказала ардынарыю дыяцэзіі моладзь, пажадаўшы яму глыбокіх перажыванняў падчас цэлебрацыі літургіі і ласкаў праз заступніцтва святога Уладзіслава – мужнага апекуна парафіі.
Ксёндз Павел Скуба прамовіў гамілію, у якой разважаў аб святасці. Святар засяродзіў увагу на пытаннях, хто такі святы, як стаць святым і што рабіць для гэтага. Ён адзначыў, што святыя перш за ўсё з’яўляюцца прыкладам любові да Бога і бліжняга, бо гэта аснова хрысціянства, а галоўнай мэтай на дарозе да святасці павінна быць распаўсюджванне Божага Валадарства на зямлі. Звяртаючыся да прыкладу св. Уладзіслава, ксёндз Павел пажадаў кожнаму шукаць Езуса Хрыста, вучыцца любіць так, як нябесны заступнік парафіі, умець прысвяціць сябе добрай Божай справе.
У канцы Імшы вернікі выказалі біскупу ўдзячнасць за ўзбагачэнне ўрачыстасці сваёй прысутнасцю, малітвай і пастырскім благаслаўленнем. Пробашч падзякаваў ардынарыю дыяцэзіі і ўсім астатнім удзельнікам за супольную малітву.
Людміла Пясецкая, прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі