22 чэрвеня ў крыпце святога Дамініка і біскупа Віта пры навагрудскім касцёле святога Арханёла Міхала ўпершыню адбыўся канцэрт барочнай класічнай музыкі. Канцэрт праходзіў у межах арганнага фестывалю “Ars Magna Organi” і быў прысвечаны юбілею 400-годдзя навагрудскага касцёла, які адзначаецца сёлета.
Выканаўцам быў вядомы клавесініст Дзмітрый Зубаў. Канцэрт сабраў вялікую колькасць слухачоў. Многіх, на жаль, крыпта не змагла змясціць.
Дзмітрый Зубаў нарадзіўся ў Ленінградзе, скончыў Харавое вучылішча імя М. І. Глінкі і Ленінградскую кансерваторыю як піяніст (клас В. В. Нільсена) і дырыжор (клас І. А. Мусіна), а таксама Вышэйшую музычную школу ў Штутгарце (Германія) як клавесініст (клас Й. Лаўквіка).
У 1987-1989 гг. быў дырыжорам Валгаградскага сімфанічнага аркестра. У 1989 г. атрымаў дыплом на Міжнародным конкурсе дырыжораў імя А. Тасканіні. Арганізаваў ансамбль “Collegium musicum Wolgograd”, з якім шмат разоў выступаў у Расіі, Беларусі, Германіі, Бельгіі, Нідэрландах, Швейцарыі. Удзельнічаў у майстар-класах Б. ван Аспэрэна, Т. Копмана, Й. ван Імерселя, Й. Крыстэнсэна (клавесін), Р. Баршая і Дж. Э. Гардзінера (дырыжыраванне).
З 1993 па 2001 год быў галоўным запрошаным, а затым галоўным дырыжорам Дзяржаўнага камернага аркестра Рэспублікі Беларусь, з 2001 па 2004 год – дырыжорам Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь і галоўным запрошаным дырыжорам Беларускай дзяржаўнай філармоніі. У 2004-2006 гг. ажыццявіў новыя пастаноўкі опер “Дыдона і Эней” і “Вяселле Фігара” ў Тэатры оперы і балета Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі.
З 2001 года кіруе заснаваным ім ансамблем старажытнай музыкі “Камерныя салісты Мінска”, які спецыялізуецца на выкананні музыкі эпохі барока, галантнага стылю і ранняй класікі. Таксама вядзе актыўную дзейнасць як клавесініст, выступаючы як у камерных ансамблях, так і ў якасці саліста. У яго рэпертуары, сярод іншага, першая і другая часткі “Добра тэмпераванага клавіра” і “Гольдберг-варыяцыі” І. С. Баха.
Дамінік Запаснік
Фота: Юрый Ціхановіч