Skip to main content

З удзелам біскупа Гуляя ў гродзенскім тэалагічным каледжы завяршыўся навучальны год

kaledz 116 чэрвеня ў Тэалагічным каледжы імя святога Казіміра ў Гродне завяршыўся 2023/2024 навучальны год. Ва ўрачыстай цырымоніі завяршэння навучальнага года ўзяў удзел каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Уладзімір Гуляй.

Святкаванне распачалося Эўхарыстыяй у капліцы Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. Навучэнцы каледжа, у тым ліку сёлетнія выпускнікі, на літургіі дзякавалі Богу за час вучобы ў гэтай установе, за атрыманыя веды, за выкладчыкаў і сваіх сяброў па вучобе.

Біскуп Уладзімір Гуляй у гаміліі заахвоціў навучэнцаў каледжа быць у сваім духоўным жыцці цярплівымі і трывалымі, дзень за днём і крок за крокам імкнуцца да хрысціянскай дасканаласці, дадаўшы, што добры Бог дазволіць, каб кожны з іх, як гэта адбываецца ў прыродзе, узрастаў, а ў канцы – цешыўся паўнатой Божага Валадарства.

kaledz 2

У межах урачыстай цырымоніі каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі ўручыў пяцярым выпускнікам каледжа дыпломы, якія сведчаць аб тым, што яны скончылі вучобу ў гэтай установе і такім чынам Касцёл прызнаў іх кваліфікаванымі катэхетамі.

Выпускнікі выказалі словы падзякі ўсім выкладчыкам каледжа на чале з кіраўніцтвам, паабяцалі аплачваць малітвай свой доўг удзячнасці за навучанне і заахвочваць іншых, каб яны таксама пайшлі вучыцца ў каледж і адчулі тую цёплую сямейную атмасферу, якая пануе ў ім.

Намеснік дырэктара каледжа а. Андрэй Шчупал CSsR падзякаваў біскупу за цэлебрацыю святой Імшы, за яго слова і пастырскае благаслаўленне.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі