Skip to main content

Біскуп Уладзімір Гуляй узяў удзел у святкаванні залатога юбілею святарства архімандрыта Сяргея Гаека

2024 06 21 50god sviatarstva 20240620 01120 чэрвеня ў Мінску адзначылі 50-годдзе святарства архімандрыта Сяргея Гаека, Апостальскага адміністратара для католікаў візантыйскага абраду ў Беларусі.

Як паведамляе catholic.by, з гэтай нагоды ў сталічным храме парафіі святога праведнага Язэпа адбылося ўрачыстае набажэнства, якое ўзначаліў юбіляр.

У набажэнстве ўдзельнічаў таксама каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Уладзімір Гуляй.

На свята прыбыло шмат гасцей, у тым ліку Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч, старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, протаархімадрыт Армянска-Каталіцкай Царквы айцец Петрас Есаян, святары ўсходняга і лацінскага абрадаў, свецкія вернікі.

2024 06 21 50god sviatarstva 20240620 046

Нунцый Ёзіч перадаў архімандрыту Гаеку найлепшыя віншаванні з нагоды 50-годдзя святарства ад імя Папы Францішка і прэфекта Дыкастэрыі па справах Усходніх Касцёлаў кардынала Клаўдыё Гуджэроцці.

Звяртаючыся да юбіляра, прадстаўнік Папы ў нашай краіне, між іншым, сказаў: “Згадваючы пра святарскае пасвячэнне і адданасць Маці-Царкве, Вы прыгадаеце энтузіязм, з якім прынялі прыгажосць паклікання і Божы заклік”.

Апостальскі нунцый назваў 50 гадоў святарства архімандрыта “доўгім, поўным ахвярнасці царкоўным шляхам, прысвечаным адраджэнню і суправаджэнню Грэка-Каталіцкай Царквы ў гэтай краіне”.

Арцыбіскуп Ёзіч адзначыў: “На працягу гэтага перыяду Вы верна кіравалі супольнасцямі, даверанымі Вашай апецы, праяўляючы вялікую мужнасць, каб супрацьстаяць кожнаму выкліку і пераадольваць усе цяжкасці, якія ўзнікалі. Тым не менш, у спаўненні Вашай місіі святара і правадніка Вам ніколі не бракавала адвагі – “дерзновения”.

2024 06 21 50god sviatarstva 20240620 020

“Як візітатар і адміністратар Вы абвяшчалі ўсім Добрую Навіну і давалі сведчанне любові Бога. З вялікай руплівасцю Вы вялі сваіх вернікаў як добры пастыр, імкнучыся дайсці да кожнага чалавека і даць яму надзею, якая ніколі не згасае. Асаблівым чынам Вы клапаціліся пра новыя пакліканні”, – дадаў Апостальскі нунцый і нагадаў словы Папы Францішка, які “часта паўтарае, што блізкасць пастыраў да вернікаў з’яўляецца каналам, што нясе струмень надзеі”.

“Шаноўны архімандрыт Сяргей, віншую Вас з усёй Вашай працай у “вінаградніку Гасподнім”, молячы Бога, каб даў Вам добрае здароўе, каб кожны дзень несці Вашаму “малому статку” новыя надзеі і радасць належаць да Царквы Хрыстовай на чале з сённяшнім Пятром”, – сказаў на заканчэнне нунцый.

На знак падзякі за доўгія гады святарскай працы прадстаўнік Святога Айца ўручыў юбіляру Папскі медаль гадавіны пантыфікату.

У сваю чаргу архімандрыт падараваў нунцыю і кожнаму прысутнаму біскупу копію іконы Маці Божай Жыровіцкай, падобную да той, якую на агульнай аўдыенцыі 6 сакавіка на плошчы Святога Пятра ў Ватыкане ўручыў Папу Францішку.

2024 06 21 50god sviatarstva 20240620 032

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ад імя епіскапату краіны зачытаў віншаванне з залатым юбілеем душпастырскага служэння архімандрыта Гаека.

Старшыня Канферэнцыі Біскупаў падараваў прадстаяцелю беларускіх грэка-католікаў копію іконы Святой Тройцы, адзначыўшы, што, падобна да таго, як святая адзіная і непадзельная Тройца складаецца з Трох Асобаў, так і наша Царква, адзіная і непадзельная, складаецца з розных абрадаў.

Арцыбіскуп Станеўскі пажадаў архімандрыту, каб яму ў жыцці заўсёды спадарожнічалі Божы Провід і Божае благаслаўленне.