На самым пачатку лета ў лідскай парафіі Узвышэння Святога Крыжа (Фара) адбыліся “Канікулы з Богам” для дзяцей.
Праграма канікул, якія праходзілі на працягу тыдня, была вельмі насычанай, уключала шмат танцаў, спеваў, гульняў, катэхетычных заняткаў, малітвы.
У межах канікул дзеці разважалі на тэму веры. Была праведзена адарацыя, на якой кожны мог папрасіць у Пана Езуса прабачэння або падзякаваць Яму. Акрамя таго, хадзілі ў кіно і парк, праводзілі час на тэрыторыі касцёла.
Гэты тыдзень стаў для ўдзельнікаў канікул цікавым і карысным. Дзеці ўдзячныя законным сёстрам, святарам, а таксама аніматарам, з дапамогай якіх рыхтавалася забаўляльная частка праграмы, і з нецярплівасцю чакаюць наступнага туру канікул, які адбудзецца ў жніўні.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі