Skip to main content

У найстарэйшым гродзенскім касцёле адзначылі з удзелам арцыбіскупа Кандрусевіча адпустовую ўрачыстасць і юбілей пробашча

ubilej kspralat 1013 чэрвеня ў гродзенскай парафіі Адшукання Святога Крыжа адзначалася адпустовая ўрачыстасць св. Антонія Падуанскага. Эўхарыстыю ў межах урачыстасці цэлебраваў арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч.

Адметнасцю ўрачыстасці было святкаванне юбілею 75-годдзя кс. прэлата Антонія Ханько, пробашча гэтай парафіі.

У касцёле Адшукання Святога Крыжа (пабернардынскім), найстарэйшай каталіцкай святыні Гродна, знаходзіцца абраз св. Антонія, перад якім ахвотна і часта моляцца вернікі, праз яго заступніцтва прадстаўляючы Богу свае просьбы.

У гаміліі арцыбіскуп засяродзіў увагу на асобе св. Антонія, вядомага цудатворцы і апекуна ў складаных жыццёвых і маральных справах, у навяртанні грэшнікаў і ў пошуку згубленых рэчаў.

Іерарх назваў праблемамі сучаснага свету тое, што чалавек губляе веру і часта жыве так, як быццам Бог не існуе, а секулярызацыя і маральны рэлятывізм прапаведуюць ідэю аслаблення ці змянення Божага закону і сцвярджаюць, што, калі змяняюцца часы, то праўды веры і маральныя нормы таксама павінны змяняцца ў залежнасці ад канкрэтных умоў жыцця чалавека і агульнай думкі.

З нагоды юбілею пробашча парафіі арцыбіскуп сказаў, што Бог паклікаў ксяндза Антонія Ханько да святарства ў складаны час ваяўнічага атэізму. “Сёння ён дзякуе Богу за 75 гадоў жыцця і атрыманыя ласкі. Перапрашае за недахопы, бо мы ўсе застаёмся людзьмі і падвержаныя негатыўнаму ўплыву злога духа. Просіць аб благаслаўленні на будучыню. Дзякуе багабойным бацькам за перададзены дар жыцця і хрысціянскае выхаванне ў складаных умовах ганенняў на веру. Дзякуе ксяндзу прэлату Пятру Барташэвічу, якога спаткаў у Жалудку. Менавіта ён спрыяў распазнанню Антоніем Ханько ў юнацтве паклікання да святарства і стаў яму духоўным айцом, выхаваўцам і настаўнікам”, – дадаў іерарх.

Арцыбіскуп нагадаў, што плябанія ў Жалудку была своеасаблівай духоўнай семінарыяй, якую прайшоў кс. Антоній Ханько, каб у 1978 г. завяршыць фармацыю ў Рыжскай семінарыі і стаць першым у Беларусі святаром, афіцыйна пасвячаным пасля Другой сусветнай вайны ва ўмовах ваяўнічага атэізму. Ён служыў у Жалудку, дзе дапамагаў ксяндзу прэлату Пятру Барташэвічу, потым стаў пробашчам парафіі Адшукання Святога Крыжа, на працягу многіх гадоў з’яўляўся канцлерам Гродзенскай курыі. Па словах арцыбіскупа, гэта быў час “духоўнага і адміністрацыйнага адраджэння Касцёла на Гродзеншчыне, у якім асаблівая роля належыць сённяшняму юбіляру, за што Касцёл яму ўдзячны”.

Іерарх адзначыў, што ксёндз Антоній бескампрамісны ў маральных справах, мужна бароніць веру і маральнасць гродзенцаў і правы вернікаў, клапоціцца пра пакліканні да святарства і кансэкраванага жыцця; дзякуючы яго намаганням быў адноўлены пабернардынскі касцёл; доўгія гады ў якасці канцлера курыі ён дапамагаў біскупу Гродзенскаму Аляксандру Кашкевічу.

“Нашыя гады прамінаюць, як трава, а Ты, Божа, трываеш навекі. Боскі гадзіннік ідзе наперад, і ніхто не можа яго стрымаць. Незаўважна мінаюць гады і юбілеі. Але найважнейшае пакіне ў гэтым жыцці след. След ксяндза Антонія вельмі выразна бачны”, – сказаў арцыбіскуп.

Ён пажадаў юбіляру Божага благаслаўлення і апекі святога Антонія на далейшыя гады служэння Касцёлу на хвалу Божую і дзеля збаўлення людзей.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: Міхаіл Шульгоўскі