8 чэрвеня ў касцёле св. Арханёла Міхала ў Навагрудку адбыўся першы канцэрт у межах фестывалю духоўнай арганнай музыкі “Ars Magna Organi”. Канцэрт сабраў вялікую колькасць слухачоў з Навагрудка і іншых месцаў Беларусі.
На канцэрце выступіў камерны ансамбль з Мінска: Аляксандра Машуціна (арган), Сафія Голуб (скрыпка), Вольга Булахова (віяланчэль), Стэфан Булахоў (віяланчэль), Мірон Булахоў (скрыпка).
У праграме прагучалі наступныя творы: І. С. Бах. Арыя з аркестравай сюіты №3 D-dur. BWV 1068; Г. Бем. Харальная партыта “Wer nur den lieben Gott lasst walten”; І. С. Бах. Саната №3 для віяланчэлі і клавіра g-moll (1 частка). BWV 1029; А. Марчэла – І. С. Бах (ар. Мафата). Адажыо з канцэрту для габоя і струнных d-moll; Г. Касада. Таката ў стылі Дж. Фрэскабальдзі; А. Карэлі. Саната для скрыпкі і басо кантынуо оp. 5 №4 F-dur.; А. Вівальдзі. Канцэрт для дзвюх віяланчэляў g-moll (1 частка). RV 531; Б. Галупі. Саната для аргана d-moll; О. Верман. Саната для віяланчэлі і аргана оp. 58 g-moll (1 частка); Ф. Крэйслер. Прэлюдыя і алегра ў стылі Г. Пуньяні.
У межах фестывалю ў навагрудскім касцёле Арханёла Міхала адбудуцца яшчэ шэсць канцэртаў: 22 чэрвеня, 20 ліпеня, 3 і 18 жніўня, 7 і 21 верасня. Пачатак кожнага ў 19.00. Канцэрты прымеркаваныя таксама да юбілею 400-годдзя навагрудскага касцёла, які будзе адзначацца сёлета.
Фестываль “Ars Magna Organi” праходзіць таксама ў Пінску, Мядзведзічах, Ружанах і Іванаве з 8 чэрвеня па 13 кастрычніка пад мастацкім кіраўніцтвам Аляксандра Бурдзялёва. У межах фестывалю адбудзецца 56 канцэртаў, на якіх выступяць выканаўцы з Беларусі, Расіі, Германіі, Аўстрыі, Бельгіі, Францыі і Венгрыі.
Дамінік Запаснік, прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі