8 чэрвеня, ва ўспамін Беззаганнага Сэрца Найсвяцейшай Панны Марыі, у Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне ўрачыста адзначылі заканчэнне чарговага, 34-га, навучальнага года.
У святой Імшы ў семінарыі з гэтай нагоды ўдзельнічалі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Уладзімір Гуляй, які ўзначаліў цэлебрацыю, іншае духавенства, выкладчыкі і выхаваўцы, родныя і блізкія семінарыстаў.
Біскуп Уладзімір адзначыў у гаміліі, што, хоць можна пералічыць дасягненні прыроды інтэлектуальнай і душпастырскай, здзейсненыя ў семінарыі за год (лекцыі, канферэнцыі і інш.), нябачнымі для вачэй застаюцца духоўная праца, малітва, унутраныя змаганні святароў і семінарыстаў, дбанне пра вернасць пакліканню – тое, што адбываецца ў сэрцы, якое з’яўляецца найважнейшым полем бітвы.
Біскуп заўважыў, што ў чытаннях Божага слова, прызначаных на гэты дзень, даюцца ўказанні для таго, каб час летняга адпачынку не быў змарнаваны, быў плённым. На аснове гэтых чытанняў, як адзначыў іерарх, можна паразважаць, ці адпавядаюць наша жыццё і паводзіны таму, каб нас называлі “патомствам, якое Пан благаславіў”; можна прыгадаць, што “кожны з нас мае прычыны, каб радавацца ў Пану”, і што “збаўленне Бога ахінае кожнага”.
Цытаваны ў гэты дзень фрагмент Евангелля пра тое, як дванаццацігадовы Езус згубіўся і бацькі шукалі Яго, “дае надзею і нават упэўненасць, што Бог ведае, што робіць, калі знікае”. Тлумачачы гэты фрагмент, каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі заўважыў: “Езус знікае для таго, каб аб’явіліся большыя справы Божыя. Якія? Ведаць гэта – не наша справа. Думкі і планы Бога – не нашы думкі. Калі Бог дасць ласку зразумець, мы гэтаму парадуемся. Калі не дасць – ушануем і будзем як Марыя – па-ранейшаму верная і паслухмяная Богу, якая верна захоўвае гэтыя справы ў сваім сэрцы і разважае над імі”.
Біскуп дадаў, што, каб перанесці час знікнення Бога, трэба, па-першае, “быць чалавекам Слова” на ўзор Панны Марыі, якая была “так моцна прасякнута Божым словам, што амаль гаварыла ім” і “ніколі не страціла надзеі на тое, што Бог ведае, што робіць”, а па-другое – “мець свайго Юзафа, чалавека, які дапаможа нанова знайсці Езуса”.
Па словах біскупа, цяжкія падзеі ў жыцці кожны раз ставяць нас у сур’ёзнае выпрабаванне веры, і такія выпрабаванні Панна Марыя прайшла “без найменшага граху, хоць можам смела дапускаць, што з многімі пытаннямі і сумненнямі”, “таму Яна для нас не толькі ўзор, але і месца, дзе мы можам схавацца”, “там трэба шукаць аховы і суцяшэння, калі надыходзіць цемра”. Ён заахвоціў прысутных браць прыклад з Маці Божай у прабыванні з Езусам, навучанні ад Яго.
Біскуп падкрэсліў, што семінарыя не мае задачы больш важнай, чым падрыхтоўка да евангелізацыйнага служэння ў сучасным свеце. Ён заклікаў семінарыстаў на канікулах “не згубіць Езуса, шукаць Яго, слухаць, размаўляць з Ім, радавацца ў Ім”.
Пасля Імшы, супольнага фотаздымку і абеду семінарысты ў добрым і ўзнёслым настроі накіраваліся дадому, каб набрацца сіл і адпачыць, а затым вярнуцца ў сцены сваёй Alma Mater, якая стала для іх сапраўды роднай.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, Марцін Лудзіч
Фота: Станіслаў Бервячонак