У выдавецтве Гродзенскай дыяцэзіі выйшла кніга а. Жака Філіпа “У школе Святога Духа”. Яна ўтрымлівае канкрэтныя і практычныя ўказанні, якія дапамогуць чытачу стаць больш уважлівым да дзеяння “Таго, Хто асвячае душу”.
Аўтар пачынае сваю кнігу цытатай з “Дзённіка” св. Фаўстыны Кавальскай аб тым, што вернасць у выкананні натхненняў Духа – найкарацейшы шлях да святасці. Ён тлумачыць, чаму гэта так, адзначаючы, што наша святасць – не плён чалавечых намаганняў, а справа Святога Духа, плён Божай ласкі. Акрамя таго, гэта не якісьці ўніверсальны шаблон: кожнага чалавека Бог вядзе да асвячэння асаблівым, унікальным для яго шляхам, аб чым сведчыць велізарная разнастайнасць святых у Касцёле.
Аўтар паказвае, як можна садзейнічаць з’яўленню і памнажэнню пабуджэнняў Святога Духа, пасля чаго тлумачыць, як зразумець, што тое ці іншае натхненне паходзіць менавіта ад Бога. У заключэнні разглядаецца праблема спалучэння поўнага падпарадкавання Богу і свабоднай волі чалавека (яе вырашэнне хаваецца ў любові).
Сёння кнігі а. Жака Філіпа з’яўляюцца класікай сучаснай каталіцкай духоўнасці. Яго працы перакладзены на 18 моваў свету агульным тыражом больш за 400 тысяч экзэмпляраў.
Кнігу можна набыць у курыяльнай краме па адрасе: г. Гродна, вул. К. Маркса, 4, або замовіць па тэлефоне ў выдавецтве: (8 0152) 61 05 38.
Айцец Жак Філіп нарадзіўся ў 1947 г. у горадзе Мец у Францыі. У 1976 г. пазнаёміўся з Супольнасцю Благаслаўленняў і адказаў на заклік Пана ісці за Ім. Затым правёў некалькі гадоў у Ерузалеме і Назарэце, вывучаючы юдэйскія карані хрысціянства. У 1981 г. накіраваўся ў Рым для вывучэння тэалогіі і кананічнага права і пачаў служыць там у якасці духоўнага настаўніка для святароў і семінарыстаў з Супольнасці Благаслаўленняў. У 1994 г. вярнуўся ў Францыю, дзе стаў выконваць розныя функцыі, у тым ліку духоўнае кіраўніцтва, развіццё духоўнай падрыхтоўкі ў Супольнасці Благаслаўленняў і ўдзел у яе генеральнай радзе. Рэгулярна праводзіў рэкалекцыі ў Францыі і за мяжой, пісаў кнігі на тэму духоўнасці. У апошнія гады прысвячае сябе галоўным чынам духоўнаму кіраўніцтву, правядзенню рэкалекцый і развіццю Супольнасці Благаслаўленняў у Азіі і Акіяніі, куды часта падарожнічае.
Аляксандр Кузняцоў