На працягу актавы Божага Цела ў розных мясцінах адбываюцца эўхарыстычныя працэсіі. У Іўі працэсія прайшла ў нядзелю 2 чэрвеня.
Тут па традыцыі вуліцы становяцца арт-пляцоўкай незвычайнай формы сакральнага мастацтва: прыгожых, але, на жаль, недаўгавечных дываноў з кветак.
Пялёсткі кветак, сабраныя ў прыгожыя яркія дываны, з’яўляюцца данінай, якую жыхары горада прысвячаюць Езусу, прысутнаму ў Найсвяцейшым Сакрамэнце.
Падрыхтоўка такой прыгажосці патрабуе таленту, сіл і фантазіі. Для таго, каб аформіць такія дываны, найчасцей выкарыстоўваюць васількі, бэз, ружы, рамонкі, а таксама лісце папараці, мох, кару альбо звычайную скошаную траву. Самымі папулярнымі кветкамі сёлета сталі півоня і лубін – менавіта іх у асноўным выкарыстоўвалі для выкладвання ўзораў.
Стваральнікамі дываноў былі малітоўныя групы “Легіён Марыі” і “Маці ў малітве”, міністранты, жыхары аднаго з мікрараёнаў горада і бацькі дзяцей, якія нядаўна прыступілі да Першай Камуніі. Дарэчы, для дзяцей скончыўся такім чынам Белы тыдзень пасля прыняцця Камуніі.
Працэс стварэння пачынаецца загадзя. На пачатку тыдня людзі збіраюцца, каб абмеркаваць дызайн алтароў і дываноў, падзяліцца думкамі на гэты конт. Потым наступае працэс збору матэрыялу для творчасці.
Напярэдадні працэсіі, у суботу, збіраецца каркас алтароў і падрыхтоўваецца зеляніна для дываноў, а раніцай нядзелі ўся гэтая прыгажосць з’яўляецца на цэнтральнай плошчы горада. Трэба адзначыць, што размяшчэнне алтароў на плошчы распачалося ў 6 гадзін раніцы, а ўжо ў 8 усё было гатова.
Адзін з прыпынкаў працэсіі адбыўся каля помніка ў гонар адзінства і сяброўства канфесій Іўеўшчыны. Дыван перад гэтым алтаром самы вялікі па памерах – 15 на 20 метраў. Гэты алтар рыхтавалі сем’і, дзеці з якіх прынялі сёлета Першую Камунію.
Алтар, які рыхтаваў “Легіён Марыі”, упрыгожваў дыван з кветкавым ружанцам, а на алтары руху “Маці ў малітве” былі выкладзены словы “Прыйдзі Дух Святы”. На іншых дыванах былі прадстаўлены розныя эўхарыстычныя сімвалы: келіх з вінаградам, сэрца, крыж, сонца, а таксама разнастайныя ўзоры.
У падрыхтоўцы працэсіі ўдзельнічала амаль сотня чалавек, а ў самой працэсіі – каля тысячы.
Раман Ярмош