Skip to main content

Біскуп Уладзімір Гуляй удзяліў у лідскай парафіі Святой Сям’і сакрамэнт канфірмацыі

bezmowanie swrodzina 1031 мая біскуп Уладзімір Гуляй, каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі, узначаліў у лідскай парафіі Святой Сям’і цэлебрацыю Эўхарыстыі, на якой удзяліў сакрамэнт канфірмацыі.

На святой Імшы сабраліся шматлікія парафіяне і госці. Прыбылі таксама святары дэканату.

Пробашч парафіі кс. Руслан Мазан прывітаў усіх прысутных і заахвоціў маліцца за кандыдатаў да прыняцця сакрамэнту.

Гэтая парафія, такім чынам, стала першай, дзе ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі біскуп Уладзімір, які прыняў біскупскае пасвячэнне тыдзень таму.

bezmowanie swrodzina 6

Сакрамэнт хрысціянскай сталасці ў гэты дзень прынялі, перажываючы цуд Пяцідзясятніцы, 73 чалавекі.

У гаміліі біскуп падкрэсліў, што “хрысціянін сёння сутыкаецца са шматлікімі сучаснымі выклікамі”, якія “патрабуюць вялікай мужнасці і сталасці веры, патрабуюць нашага сведчання і абароны таго, што святое і высакароднае”.

Іерарх заахвоціў маладых людзей, якія прыступілі да канфірмацыі, дазволіць Святому Духу праявіцца ў іх жыцці. “Для гэтага нельга заставацца пасіўнымі ў адносінах да Яго, думаючы, што Ён усё здзейсніць аўтаматычна. Каб свежае паветра напоўніла наш пакой, неабходна адчыніць вокны. Падобна, каб подых Святога Духа быў адчувальны ў нашым жыцці, неабходна адчыніць вокны нашай душы на Яго дзеянне”, – сказаў біскуп.

Каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі пажадаў парафіянам быць людзьмі веры і любові ў Духу Святым і адважна абвяшчаць Евангелле ўваскрослага Хрыста ўсюды, куды Ён пасылае.

У канцы Эўхарыстыі парафіяне, якія прынялі сакрамэнт, падзякавалі біскупу за яго ўдзяленне, падзякавалі ўсім, хто падрыхтаваў іх да гэтай падзеі, і паабяцалі Богу, што будуць працягваць узрастаць у Яго ласцы і клапаціцца пра развіццё сваёй веры.

Кс. Раман Вайцяховіч