19 мая, ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў парафіяльную супольнасць Найсвяцейшай Тройцы ў Росі (Ваўкавыскі дэканат).
На святой Імшы, якую іерарх цэлебраваў у парафіяльным касцёле, ён удзяліў сакрамэнт канфірмацыі вернікам гэтай парафіі, а таксама вернікам з Вярэек і Ваўкавыска.
Ва ўрачыстай Эўхарыстыі ўдзельнічалі генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі кс. канонік Аляксандр Мацкевіч, святары Ваўкавыскага дэканату, а таксама кс. канонік Віктар Мыслюк, які паходзіць з Росі.
Ксёндз канонік Аляксандр Мацкевіч прамовіў гамілію, у якой засяродзіў увагу на тым, што адбудзецца ў парафіяльнай супольнасці ў гэты дзень, – а менавіта на сакрамэнце хрысціянскай сталасці. Святар адзначыў, што ў гэтым паўторыцца цуд, які здарыўся ў пачатку існавання Касцёла, калі Дух Святы напоўніў сэрцы сваіх верных і запаліў у іх агонь сваёй любові.
У канцы Імшы пробашч парафіі кс. канонік Чэслаў Паўлюкевіч і вернікі падзякавалі біскупу за візіт і за ўдзяленне сакрамэнту.
Ксёндз канонік Віктар Мыслюк падзякаваў іерарху за ўдзяленне прэзбітэрскага пасвячэння, якое роўна 23 гады таму прыняў разам са сваімі аднакурснікамі.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі