29 мая пробашч парафіі Святога Духа ў Гродне кс. канонік Павел Салабуда адзначыў 20-годдзе святарства.
Як заўважыў сам ксёндз Павел, з гэтых 20 гадоў ён апякуецца парафіяй Святога Духа ужо 12.
Святарскае служэнне ксёндз Павел распачаў у якасці вікарыя парафіі св. Вацлава ў Ваўкавыску, затым вучыўся ў Люблінскім каталіцкім універсітэце ў Польшчы, пасля вучобы быў адказным за каталіцкія СМІ Гродзенскай дыяцэзіі. Цяпер ён з’яўляецца пробашчам адной з самых вялікіх і жывых парафій дыяцэзіі, якая адзначаецца вялікай колькасцю маладых сямей і дзяцей.
Святочную Імшу падзякі за дар святарства ў 20-ю гадавіну прэзбітэрскага пасвячэння ўзначаліў сам юбіляр. На Эўхарыстыю прыбылі па яго запрашэнні святары, якія былі блізкія яму і працавалі разам з ім у гэтай парафіі на працягу 12 гадоў. Прыйшлі і ўдзячныя парафіяне, каб памаліцца за свайго пробашча, павіншаваць яго і перажыць разам з ім гэты цудоўны момант.
У гаміліі кс. Валерый Спірыдон, спасылаючыся на словы Евангелля, адзначыў, што ксёндз Павел не шукаў лепшага месца, а пакорна ішоў туды, куды яго клікаў Пан Езус. Дзякуючы намаганням ксяндза каноніка пабудаваны і адкрыты парафіяльны дом, над мікрараёнам Альшанка ўжо ўзвышаецца крыж на новай святыні. Варта дадаць, што ў парафіі будуецца і штогод павялічваецца жывы Касцёл вернікаў. Пры парафіі існуюць розныя малітоўныя групы і душпастырствы, хоры для ўдзельнікаў рознага ўзросту, вялікая колькасць дзяцей і моладзі ўдзельнічае ў катэхезе.
У канцы Імшы вернікі падзякавалі свайму пробашчу за дар яго асобы і святарства, якое ён рэалізоўвае менавіта ў гэтай парафіі.
Кс. Андрэй Юхнік