У парафіі ў Гервятах (Астравецкі дэканат) адзначылі ўрачыстасць у гонар Найсвяцейшай Тройцы. Традыцыйны фэст прайшоў на прыкасцёльнай плошчы.
Як паведамляе ostrovets.by, Гервятам сёлета споўнілася 590 гадоў, а летась адзначалася 120-годдзе з часу завяршэння будаўніцтва велічнага і ўнікальнага мясцовага касцёла, які называюць беларускім Нотр-Дамам і які лічыцца візітнай карткай не толькі Астравеччыны, але і ўсёй Беларусі.
Праграма фэсту была разнастайнай і насычанай: святочная Імша, заліхвацкія выступленні артыстаў, размераны шпацыр па ўнікальным дэндрапарку, бойкі гандаль на прыкасцёльнай плошчы, дзе прадавалі прысмакі на любы густ і кашалёк. І дарослыя, і дзеці маглі знайсці занятак па душы.
За некалькі гадзін да пачатку ўрачыстай літургіі шматлікіх гасцей аграгарадка цешылі звонкімі галасамі і разнастайнымі песнямі лепшыя артысты і калектывы раёна, у тым ліку “Рэха Астраўца”.
На некалькі дзясяткаў метраў расцягнуліся гандлёвыя рады. Рамеснікі здзіўлялі пузатымі плеценымі кошыкамі, рознакаляровымі салодкімі пеўнікамі-вавёрачкамі, бліскучымі збанкамі і мудрагелістымі букетамі з сухавеек.
Можна было паласавацца шашлыком, варанай кукурузай ці смажанай бульбай, адмыслова прымацаванай на палачку, прысеўшы за столік на плошчы, а таксама паўнацэнна паабедаць у кафэ мясцовай гаспадаркі.
Забаваў хапала і для дзяцей: яны маглі адчуць сябе вадзіцелямі, нарэзаўшы круг-другі на міні-машыне, з’ехаць з ветрыкам з вялікай надзіманай горкі ці павудзіць качанят у “міні-ставе”.
Супрацоўнікі раённай культуры запрашалі ахвочых прайсці квэст-гульню. На апошняй станцыі ўдзельнікаў чакала сустрэча з млынаром, які прапаноўваў пакруціць тры разы сапраўдныя млынавыя камяні, каб споўнілася самае запаветнае жаданне ці мара.
На святочнай Эўхарыстыі прысутнічалі разам з мясцовымі парафіянамі і пробашчам кс. Дзмітрыем Леўчыкам святары з суседніх парафій і з Віцебска, а таксама дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец. Спевам літургію ўпрыгожыў парафіяльны хор.
Біскуп у гаміліі засяродзіў увагу на сімвалах веры, Святой Тройцы, развіцці Касцёла на Беларусі. Свае разважанні іерарх падмацоўваў прыкладамі з жыцця знакамітых асоб, такіх як Міхаіл Ламаносаў, Дзмітрый Мендзялееў і іншых.
“Мы вядзём летазлічэнне ад нараджэння Хрыста, – нагадаў іерарх. – Мяняецца грамадства, распадаюцца дзяржавы, але па-ранейшаму здзяйсняецца святая Імша – гэта самы вялікі дар. Браты і сёстры, цаніце яго”.
Эўхарыстыя па традыцыі завяршылася працэсіяй ля касцёла, а святкаванне працягнулася на сцэне, усталяванай непадалёк ад святыні.