26 мая ў парафіі ў Забалаці (Радунскі дэканат) адбылася адпустовая ўрачыстасць.
У гэты дзень, калі ў Касцёле адзначалася ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы, парафію наведаў арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч. У межах візіту іерарх узначаліў цэлебрацыю Эўхарыстыі, на якой сабраліся шматлікія парафіяне і госці.
У гаміліі арцыбіскуп назваў таямніцу Святой Тройцы фундаментальнай дактрынай хрысціянства, якую можна зразумець не розумам, а сэрцам. Ён нагадаў, што, як вучыць праўда веры, ёсць адзін Бог, але ў трох Асобах, прычым кожная з іх з’яўляецца Богам, і што грэцкі законнік ІV стагоддзя Эваргіюс Понціюс казаў: “Бога нельга пазнаць чалавечым розумам, бо калі б было магчыма, Ён не быў бы Богам”.
Іерарх адзначыў, што шмат прыкладаў Святой Тройцы – недасканалых, але якія крыху тлумачаць яе таямніцу, – можна ўбачыць у практыцы штодзённага жыцця. Напрыклад, калі наліць у пасудзіну ваду і кінуць у яе лёд, над вадой з’явіцца пара. Вада, лёд і пара – вада, але ў розных постацях.
Арцыбіскуп дадаў, што Святая Тройца мае асаблівае значэнне ў рэлігійным жыцці хрысціяніна: усе сакрамэнты ўдзяляюцца ў імя Айца, Сына і Святога Духа, малітвы распачынаюцца ў імя Тройцы, у Яе імя благаслаўляе святар, а калісьці быў звычай тры разы ў дзень званіць у званы, каб нагадаць аб неабходнасці маліцца да Тройцы.
“Праслаўляючы Святую Тройцу, мы праслаўляем Бога Айца як Стварыцеля неба і зямлі, Бога Сына – як Збаўцу і Святога Духа – як Натхняльніка”, – сказаў арцыбіскуп.
Ён патлумачыў, што, паколькі Выбраны народ быў монатэістычным, вучэнне пра Тройцу не было распаўсюджана ў Старым Запавеце. Габрэі “верылі ў аднаго Бога, у той час як навакольныя народы верылі ў розных багоў, з якіх ні адзін не быў сапраўдным”, таму “ідэя Святой Тройцы магла б прывесці да непаразуменняў”. Вучэнне пра Тройцу пачало распаўсюджвацца з ІІ стагоддзя і прадстаўлена ў Credo, дзе вызнаецца вера ў Бога Айца, Бога Сына і Бога Святога Духа.
Арцыбіскуп нагадаў пра ікону Святой Тройцы, напісаную Андрэем Рублёвым, якая ўшаноўваецца ў Праваслаўнай Царкве. Іерарх адзначыў, што гэта найбольш выразнае ўяўленне таямніцы Тройцы і што ў часы ваяўнічага атэізму, калі ікона знаходзілася ў Траццякоўскай галерэі ў Маскве, наведвальнікі станавіліся перад ёй на калені і маліліся.
Шмат звестак пра Тройцу, як адзначыў іерарх, ёсць у Новым Запавеце: арханёл абвяшчае Марыі, што Яна зачне ад Духа Святога, падчас хросту Езуса ў Ярдане Дух сыходзіць на Яго ў вобразе голуба, Езус кажа вучням хрысціць людзей у імя Айца, Сына і Духа Святога і г.д.
Арцыбіскуп падкрэсліў, што, паколькі Бог ёсць любоў, то паміж асобамі Тройцы існуе дасканалая любоў, якая схіляе людзей жыць падобным чынам. Гэта, па яго словах, вельмі важна сёння, калі людзі больш думаюць пра сябе, з’яўляюцца індывідуалістамі і эгаістамі. Кожны чалавек павінен быць іншаму братам ці сястрой, бо ўсе мы створаны па вобразу і падабенству Божаму, заўважыў іерарх і заахвоціў жыць “любоўю і гармоніяй, якія існуюць паміж асобамі Святой Тройцы”.
Арцыбіскуп завяршыў гамілію просьбай да Святой Тройцы, каб Яна ў сённяшні час крызісу любові да бліжняга адрадзіла гэтую любоў у сэрцах людзей і яны маглі падобна першым хрысціянам казаць: “Як добра, калі браты жывуць разам”.
У канцы Эўхарыстыі пробашч кс. канонік Генрых Яблонскі падзякаваў арцыбіскупу за візіт і запэўніў, што вернікі парафіі памятаюць пра яго ў малітве і просяць Бога захоўваць яго ў здароўі на доўгія гады.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі