26 мая, ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы, у парафіі Святога Духа ў Гродне папоўніліся шэрагі літургічнай службы алтара. У яе былі прыняты 12 чалавек.
Урачысты абрад адбыўся на святочнай Эўхарыстыі, якую цэлебраваў пробашч парафіі кс. канонік Павел Салабуда.
Пасля гаміліі апякун міністрантаў кс. Андрэй Юхнік прадставіў пробашчу кандыдатаў да прыняцця ў шэрагі літургічнай службы і заверыў яго ў іх гатоўнасці служыць пры алтары. Гэтай святочнай падзеі папярэднічала падрыхтоўка кандыдатаў, якая працягвалася ўвесь катэхетычны год, пачынаючы з верасня. Кожны тыдзень будучыя міністранты ўдзельнічалі ў тэарэтычных і практычных занятках, пазнаючы велічнасць і прыгажосць літургіі Касцёла.
Перад парафіяльнай супольнасцю кандыдаты далі пробашчу абяцанні выконваць святыя дзеянні пры алтары пабожна, рупліва, на Божую хвалу і для дабра парафіі.
Пробашч благаславіў літургічны строй новых міністрантаў. Таксама ён удзяліў ім спецыяльнае благаслаўленне, заахвоціўшы іх праз служэнне Богу пры алтары пастаянна ўзрастаць у веры, захапляцца тым, што выконваюць, і цешыцца вялікай вартасцю свайго служэння.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі