Шчыт падзелены на дзве часткі з блакітным і чырвоным фонам. У першай частцы (уверсе злева) на блакітным фоне змешчана залатая манаграма Найсвяцейшай Панны Марыі. У другой частцы (уверсе справа) на чырвоным фоне змешчана галінка аліўнага дрэва, на якой бачна дзесяць алівак. Пасярэдзіне шчыта (на размежаванні блакітнага і чырвонага фону) змешчаны Баранак з харугвай на кнізе, запячатанай сямю пячаткамі.
Дэвіз “SUFFICIT TIBI GRATIA MEA” напісаны загалоўнымі лацінскімі літарамі чорнага колеру, размешчанымі на залацістага колеру стужцы.
Шчыт умацаваны залатым біскупскім крыжам. Над гербам змешчаны прэлацкі капялюш зялёнага колеру, з бакоў звешваюцца шнуры такога ж колеру з дванаццаццю пампонамі, па шэсць з кожнага боку, змешчаныя ў парадку 1, 2, 3.
Вышэйапісаныя знешнія ўпрыгожванні ў геральдыцы ўказваюць на біскупскую годнасць.
Значэнне біскупскага герба
Дэвіз
Дэвізам свайго служэння біскуп-каад’ютар Уладзімір Гуляй абраў словы з Другога Паслання апостала Паўла да Карынцянаў: “SUFFICIT TIBI GRATIA MEA” – “ХОПІЦЬ ТАБЕ МАЁЙ ЛАСКІ”, якія Езус Хрыстус звяртае да апостала Паўла: “Хопіць табе Маёй ласкі, бо моц удасканальваецца ў слабасці” (2Кар 12, 9).
Гэтыя словы вельмі блізкія біскупу Уладзіміру і адначасова з’яўляюцца ключом да інтэрпрэтацыі гербавага знака, а таксама змешчаных у ім прыярытэтаў, характэрных для пастырскага служэння біскупа.
Сімвалы ў гербе
Герб біскупа-каад’ютара Уладзіміра складаюць тры элементы, якія змешчаныя на двух фонах шчыта і сімвалізуюць цяперашні час і вечнасць.
У першай частцы шчыта, блакітнага колеру, які сімвалізуе чысціню, вернасць, блакіт неба, а таксама з’яўляецца Марыйным колерам, уверсе злева прадстаўлена манаграма Найсвяцейшай Панны Марыі. Гэты сімвал адносіцца да Маці Божай. Яна як Абранніца Духа Святога накіроўвае нас на шлях веры, як Выхавальніца ўкрывае сваім плашчом апекі і як Апякунка Гродзенскай дыяцэзіі клапоціцца пра сваіх дзяцей у кожны час.
У другой частцы шчыта, чырвонага колеру, які сімвалізуе адвагу, мужнасць, ахвяру, уверсе справа прадстаўлена аліўная галінка, на якой бачна дзесяць алівак. Аліўная галінка – гэта сімвал міру і плёну братэрскай сустрэчы, што хоча ажыццяўляць у пастырскім служэнні біскуп Уладзімір. На галінцы бачна дзесяць алівак – гэта сімвал дзесяці Божых запаведзяў, якія для кожнага хрысціяніна з’яўляюцца маральнымі паказальнікамі на шляху да збаўлення, а для біскупа – каштоўным зместам для абвяшчэння аб’яўленых Богам норм.
Пасярэдзіне шчыта (на размежаванні блакітнага і чырвонага фону) змешчаны Баранак Божы з харугвай на кнізе, запячатанай сямю пячаткамі. Баранак – гэта ахвярная жывёла, якую, у залежнасці ад абставінаў, прыносілі ў ахвяру ўсеспалення або ўміласціўлення. Выключнасць ахвяры з баранка звязана з яго суаднясеннем з пасхальным баранкам, кроў якога захавала ад смерці першародных сыноў Ізраэля ў ноч перад выйсцем з егіпецкай няволі (Зых 29, 38). Ян Хрысціцель назваў Езуса Баранкам Божым (Ян 1, 29.36), які знішчае грахі людзей (Ян 19, 36; 1Кар 5, 7; 1П 1, 18). Пра Божага Баранка згадвае таксама Апакаліпсіс, кажучы пра перамогу Езуса як услаўленага Пана (Ап 5, 8-9).
Баранак – сімвал чалавека, які пераможна прайшоў праз пераслед, нягледзячы на смерць застаўся верным сведкам. Дзякуючы вернасці Ён мáе ўдзел у валадарстве і вечным святарстве. Уласнай крывёй адкупіў людзей для Бога, якія Яму верна служаць, і атрымаў уладу здзяйсняць суд. Ён акрэслены таксама як Слова Бога. Новы Ерузалем – Яго новая Абранніца. З’яўляецца Святыняй Новага Ерузалема і яго святлом.
“Толькі Ты годны ўзяць кнігу і зняць з яе пячаткі, бо Ты быў забіты і сваёй крывёю Ты адкупіў нас для Бога з кожнага роду, і мовы, і племені, і народу…” – чытаем у Апакаліпсісе (Ап 5, 9). Значэнне вобразу Баранка дваістае: яно паказвае на Хрыста як на правадыра і як на ахвяру. Абодва значэнні паходзяць з пастырскага жыцця, таму што баранак, які стане дарослым, можа быць галавой статку, але і паслухмянай, ахвярнай жывёлай. У Апакаліпсісе Хрыстус – гэта забіты Баранак, які перамагае і збірае сваіх вернікаў. Толькі Ён годны зняць пячаткі са скрутка.
У біскупскім служэнні вельмі важным з’яўляецца, па прыкладзе Божага Баранка, быць пастырам (галавой статку) і адначасова ахвярай. Гэта зусім не лёгка, бо часам трэба быць на размежаванні розных фонаў жыцця, падзей і ва ўсім гэтым заставацца адказным і любячым пастырам, абвяшчальнікам і абаронцам Слова Бога, ісці да канца, углядаючыся ў пераможны крыж Хрыста, трымаючы ў руцэ харугву – сімвал трыумфу над злом і смерцю. Сімвалізм пасхальнага Баранка таксама накіроўвае нас у велікодны перыяд літургічнага года. Гэта менавіта той час, калі – у шосты дзень велікоднай актавы – Папа Францішак прызначыў для Гродзенскай дыяцэзіі біскупа-каад’ютара Уладзіміра.
Ласка Божая неабходная для збаўлення – навучае Касцёл у шостай Галоўнай праўдзе веры.
Словы дэвізу “ХОПІЦЬ ТАБЕ МАЁЙ ЛАСКІ”, якія Хрыстус звярнуў да апостала Паўла (2 Кар 12, 9), Ён сёння звяртае да біскупа Уладзіміра, аб’ядноўваючы ўсе элементы біскупскага герба. Гучыць вельмі даверліва, з надзеяй у адносінах да выбранага сына, і натхняе біскупа-каад’ютара на ўсё пастырскае служэнне.