24 мая дабрачыннае каталіцкае таварыства “Caritas” Гродзенскай дыяцэзіі адзначае юбілей 30-годдзя свайго існавання. Юбілейныя ўрачыстасці праходзяць у Сапоцкіне недалёка ад Гродна.
Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч выказаў таварыству ў асобе яго дырэктара кс. Алега Пятрашкі віншаванні з нагоды юбілею. Тэкст віншаванняў агучыў на ўрачыстасцях генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі кс. канонік Аляксандр Мацкевіч.
У сваім слове біскуп нагадвае, што 30 гадоў таму, калі паўставала арганізацыя “Caritas” у гэтым рэгіёне, Гродзенская дыяцэзія налічвала толькі тры гады. “Гэта быў час, калі з вялікімі намаганнямі, часта нібы навобмацак, часам інтуітыўна, мы толькі пачыналі ствараць структуры мясцовага Касцёла. Не хапала ўсяго: досведу, матэрыяльных сродкаў, людзей, – але быў вялікі энтузіязм, запал, каб працаваць, і радаснае ўсведамленне, што пасля многіх гадоў пераследу Каталіцкі Касцёл на нашых землях адраджаецца, пачынае жыць уласным жыццём, усё лепей і адважней спаўняе евангелізацыйную місію, даручаную яму Хрыстом”, – адзначае іерарх.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне падкрэслівае, што “Caritas” – арганізацыя надзвычай важная і патрэбная, а яе сутнасцю і мэтай, як паказвае сама назва, з’яўляецца любоў – любоў дзейная, канкрэтная, заснаваная на нясенні дапамогі людзям, якія знаходзяцца ў патрэбе.
“Сёння, з перспектывы часу, мы можам ганарыцца, што амаль з самага пачатку свайго існавання наша дыяцэзія праз “Caritas” актыўна дапамагае тым жыхарам Гродзеншчыны, якія найслабейшыя і адчуваюць найбольшую патрэбу”, – дадае іерарх.
Біскуп заўважае, што дзякуючы салідарнасці і шчодрасці шматлікіх партнёраў з нашай краіны і замежжа, а таксама ахвярнасці і асабістаму ўдзелу працаўнікоў і валанцёраў, за вельмі кароткі час удалося прывесці ў рух эфектыўны механізм атрымання і размеркавання матэрыяльнай дапамогі, якая ўжо тры дзесяцігоддзі дасягае тых месцаў, дзе найбольш патрэбная і чаканая.
Іерарх пералічвае справы, якія здзяйсняе дабрачыннае таварыства: “Шчодрай і бескарыслівай дапамогай “Caritas” Гродна карыстаюцца дзеці і моладзь, людзі самотныя і пажылыя, хворыя і з абмежаванымі магчымасцямі, беспрацоўныя і бяздомныя, людзі, якія змагаюцца з залежнасцямі і з іншымі жыццёвымі цяжкасцямі. Дзякуючы наладжанаму супрацоўніцтву паміж арганізацыямі дапамога “Caritas” дасягае не толькі прыватных асобаў, але і ўстановаў, такіх, як шпіталі, хоспісы, дамы грамадскай апекі, інтэрнаты і дзіцячыя дамы. Спяшаючыся з дапамогай да тых, хто ў патрэбе, “Caritas” не пытаецца ні ў каго са сваіх падапечных аб ягонай веры, спаўненні рэлігійных практык, канфесійнай ці рэлігійнай прыналежнасці. Кожны, хто апынуўся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, можа разлічваць на разуменне, спачуванне і сардэчную, бескарыслівую, канкрэтную дапамогу”.
У канцы біскуп адзначае: “Можам быць упэўненыя, што ў гродзенскай “Caritas” ніколі не будзе недахопу ў працы і ў людзях, якім патрэбна дапамога”.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне жадае дабрачыннай арганізацыі, каб яна магла і далей паспяхова падтрымліваць тых, хто знаходзіцца ў якойсьці патрэбе, у імя Хрыста, які для нас стаў бедным, каб узбагаціць нас сваім убоствам (пар. 2 Кар 8, 9).
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі