11-12 мая ў Навагрудку пры парафіі св. Арханёла Міхала адбыўся хрысціянскі хакатон пад назвай CODE – PRAY – JOY (з англ. “пішы код, маліся, радуйся”). Ён прайшоў у Беларусі ўпершыню.
Хакатон – гэта спаборніцтвы, на якіх спецыялісты са сферы інфармацыйных тэхналогій, аб’яднаўшыся ў каманды, за абмежаваны час вырашаюць праблему або прыдумваюць новае рашэнне.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі розных хрысціянскіх канфесій і розных спецыяльнасцяў IT-свету, у агульнай колькасці 42 чалавекі. Яны працавалі ў камандах над ідэямі і прататыпамі (першай версіяй) хрысціянскіх лічбавых праектаў.
Праграма была насычанай. У пятніцу адбылося знаёмства ўдзельнікаў і начная экскурсія па касцёле Арханёла Міхала. У суботу і нядзелю каманды працавалі над праектамі, слухалі канферэнцыі, падрыхтаваныя спікерамі. Была і зваротная сувязь ад ментараў. Паколькі фармат хакатона прадугледжвае працу ў начны час, у межах мерапрыемства было таксама начное малітоўнае чуванне перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам.
У нядзелю адна з каманд паспела зрабіць CustDev – тэставанне праекта і збор першых водгукаў. У гэты дзень у навагрудскай парафіі праходзіла ўрачыстасць Першай Камуніі, і дзеці, якія рыхтаваліся да яе, а таксама іх бацькі з радасцю сталі аўдыторыяй праекта.
Ключавой падзеяй была прэзентацыя праектаў, калі ўдзельнікі падзяліліся вынікамі сваёй працы за два дні.
Каманды прадставілі наступныя ідэі і прататыпы праектаў:
веб-сайт “Калекцыя.бай” – агрэгатар каталіцкіх актыўнасцей: рэкалекцый, пілігрымак, сустрэч, дзе арганізатары могуць дадаць анонс праз чат-бот;
чат-бот “Helper Здесь” для пошуку валанцёраў у парафіях;
веб-сайт “Позірк Боскі” – інфармацыйны партал, на якім можна даведацца пра святыні Беларусі, спланаваць тур і нават трапіць на 2D экскурсію анлайн;
веб-дадатак “Бог на связи” для духоўна-псіхалагічнай дапамогі і азнаямлення з Евангеллем у гульнявой форме;
аndroid-дадатак “Хто хоча на Неба?” – вiктарына для замацавання ведаў па катэхiзiсе Каталiцкага Касцёла;
мабільны дадатак “Споведзь” для фарміравання ўсвядомленага падыходу да сакрамэнту пакаяння;
чат-бот “Christian Compass” для пошуку адказаў на базавыя пытанні хрысціянскай веры;
веб-сайт “Probibli” для вывучэння Бібліі праз загадкі;
веб-сайт “Ангельские сердца” – валанцёрскі маркетплейс.
Каманды добра падрыхтаваліся і прадставілі цікавыя і карысныя праекты, таму журы было вельмі няпроста вызначыць пераможцу. Праекты ацэньваліся зыходзячы з такіх крытэрыяў, як карыстальніцкі досвед, тэхнічная выканальнасць, прэзентацыя праекта, арыгінальнасць ідэі і г.д.
У выніку першае месца заняла каманда Carlo Club з мабільным дадаткам “Хто хоча на Неба?”, які ў фармаце віктарыны-гульні дапамагае дзецям замацоўваць веды па катэхiзiсе Каталiцкага Касцёла. Прыз гледачоў падзялілі між сабой дзве каманды з праектамі “Probibli” і “Бог на связи”, якія набралі аднолькавую колькасць галасоў. Прыз арганізатараў атрымала каманда з чат-ботам “Christian Compass”.
Хакатон завяршыўся віншаваннямі і музычным афтэрпаці, на якім удзельнікі ў духу адзінства, радасці і любові дзяліліся ўражаннямі і адпачывалі.
Каманда арганізатараў дзякуе парафіяльнай супольнасці св. Арханёла Міхала, асабліва пробашчу кс. Юрыю Жэгарыну, а таксама вікарыю кс. Паўлу Аляскевічу за дапамогу ў арганізацыі і пастырскую апеку падчас хакатона, і жадае, каб Пан шчыра благаславіў усіх, хто малітвай, словам, служэннем, прысутнасцю і ахвяраваннем дапамог правесці мерапрыемства.
Сачыць за навінамі хрысціянскай супольнасці IT-спецыялістаў можна ў Іnstagram.
Дар’я Шур
Фота: Ганна Клімовіч