15 мая біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў парафіяльную супольнасць св. Тэрэзы Авільскай у Шчучыне.
На святой Імшы іерарх удзяліў сакрамэнт канфірмацыі маладым вернікам гэтай парафіі. Да сакрамэнту прыступілі 29 чалавек.
Сакратар біскупа кс. канонік Юрый Марціновіч прамовіў гамілію, у якой засяродзіў увагу на гэтым сакрамэнце, адзначыўшы, што яго трэба прымаць з верай, каб узбагаціць сваё жыццё сямю дарамі Духа Святога.
Святар падкрэсліў, што гэтыя дары, якія атрымлівае вернік у канфірмацыі, змяняюць жыццё чалавека і дапамагаюць пераадольваць розныя жыццёвыя цяжкасці.
У канцы Імшы біскуп заклікаў маладых людзей, якія прынялі сакрамэнт хрысціянскай сталасці, быць для свету жывым Евангеллем і сваім прыкладам паказваць іншым шлях да Бога.
Канфірмаваныя выказалі падзяку іерарху, а таксама святарам, якія рыхтавалі іх да прыняцця сакрамэнту. Яны запэўнілі, што хочуць і далей падтрымліваць дух святой веры, заўсёды жывучы з Богам і будучы Яго вернымі дзецьмі.
Пробашч а. Андрэй Агель SP падзякаваў усім прысутным за ўдзел у супольнай малітве, а маладым парафіянам пажадаў ніколі не пакідаць Бога і не выракацца веры.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі