12 мая ў парафіі ў Градаўшчыне (Астравецкі дэканат) адзначылі адпустовую ўрачыстасць у гонар святога Андрэя Баболі, святара і мучаніка.
У гэты дзень на малітве ў мясцовай святыні сабраліся шматлікія парафіяне і госці, духавенства і законныя сёстры, якія служаць у дэканаце.
Эўхарыстыю ўзначаліў дэкан Астравецкага дэканату кс. канонік Юзаф Багдзевіч, казанне прамовіў а. Генрых Валэйка OCD з Мядзела (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія).
Завяршэннем урачыстасці была эўхарыстычная працэсія вакол касцёла. Затым вернікі мелі магчымасць ушанаваць рэліквіi святога Андрэя.
У апошні перыяд свайго жыцця Андрэй Баболя быў місіянерам сярод занядбаных у ваколіцах Пінска на Палессі. Ён вучыў простых людзей катэхізісу, хрысціў, спавядаў, благаслаўляў сужэнскія саюзы, удзяляў святую Камунію. Дзякуючы місіянерскай дзейнасці ён заслужыў ганаровыя прозвішчы “апостала Піншчыны і Палесся”, “душахвата” і “лаўца душ”.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: с. Вера Кучук