11 мая ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне прайшла сустрэча міністрантаў Гродзенскай дыяцэзіі.
Сустрэча пачалася малітвай у капліцы семінарыі і ўступнай канферэнцыяй. Духоўны айцец гэтай навучальнай установы кс. Ян Сарэла паразважаў аб жыцці міністранта ў сучасным свеце, нагадаў, што міністрант павінен сведчыць аб Богу не толькі ў касцёле, але і ў сваім асяроддзі.
Таксама духоўны айцец семінарыі распавёў пра жыццё бл. Карло Акуціса. Ён нагадаў, што гэты малады благаслаўлёны вельмі шанаваў Эўхарыстыю і з’яўляецца добрым прыкладам для юнакоў.
Студэнт 5 курса семінарыі Антон Тышко распавёў аб уступных абрадах святой Імшы і аб Літургіі слова. У практычнай частцы канферэнцыі міністрантаў азнаёмілі з тым, як рыхтавацца да Імшы і Літургіі слова, пасля чаго яны мелі магчымасць задаць пытанні.
Ксёндз Ян Сарэла і куратар прапедэўтычнага курса кс. Павел Скуба правялі экскурсію па будынку семінарыі, дзякуючы чаму міністранты маглі даведацца пра вучобу і штодзённае жыццё семінарыстаў.
Ксёндз Павел распавёў удзельнікам сустрэчы аб другой (эўхарыстычнай) частцы Імшы. Таксама адбыліся практычныя заняткі.
Міністранты разам з семінарыстамі ўдзельнічалі ў маёвым набажэнстве ў капліцы. Пасля набажэнства вікарый гродзенскай парафіі Святога Духа кс. Андрэй Юхнік падзяліўся сваім сведчаннем.
Затым адбылася віктарына для міністрантаў, у ходзе якой прадстаўнікі кожнай парафіі адказвалі на пытанні, якія датычыліся таго, пра што распавядалася на гэтай сустрэчы.
Кульмінацыяй сустрэчы была Імша, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Гамілію прамовіў рэктар семінарыі кс. канонік Віталій Вайцяхоўскі. Святар між іншым адзначыў у гаміліі, у межах якой вёў з міністрантамі дыялог, што “Эўхарыстыя” перакладаецца з грэцкай мовы як “падзяка”, і заахвоціў удзельнікаў сустрэчы ахвяраваць гэтую Імшу Богу як падзяку за атрыманыя ў сваім жыцці дары і ласкі.
Завяршылася сустрэча супольнай вячэрай.
Максім Ваўчок, прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі