1 мая лідская парафія св. Юзафа, Рамесніка, і бл. сясцёр-мучаніц з Навагрудка адзначала сваю адпустовую ўрачыстасць.
Эўхарыстыя ў гэты дзень упершыню адбылася ў парафіяльным касцёле, які будуецца. Узначаліў літургію біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, у ёй удзельнічала такая вялікая колькасць вернікаў, што будынак святыні не змог усіх змясціць.
Упершыню ў гісторыі гэтай парафіі біскуп удзяліў яе вернікам сакрамэнт канфірмацыі.
На ўрачыстай Імшы прысутнічалі святары Лідскага дэканату на чале з біскупам-намінатам Уладзімірам Гуляем, прызначаным каад’ютарам Гродзенскай дыяцэзіі. Будучы пробашчам лідскай парафіі Узвышэння Святога Крыжа, намінат падтрымлівае маладую парафіяльную супольнасць св. Юзафа.
Пробашч кс. Віталій Сідорка прывітаў прыутных і адзначыў, што адпустовая ўрачыстасць з’яўляецца для гэтай маладой парафіі днём падзякі Богу за ўсе дары і ласкі, якія атрымалі вернікі ў апошні час. Святар дадаў, што асабліва дзякуе Пану за ўсіх дабрадзеяў і ахвярадаўцаў, якія прычыняюцца да ўзвядзення новага Божага дома.
Біскуп-намінат Уладзімір Гуляй у гаміліі засяродзіў увагу на постаці св. Юзафа – галоўнага апекуна гэтай парафіі. Ён адзначыў, што сваю ролю ў гісторыі збаўлення Юзаф адыграў моўчкі: “маўчаў не таму, што яму не было чаго сказаць ці мала што было сказаць, а таму, што таямніца, якой ён служыў, была настолькі вялікай, што ўцякала ад яго чалавечых слоў”.
“Гэтая таямніца ўцякае таксама ад нашых слоў. Мы таксама вельмі бездапаможныя перад яе веліччу. Магчыма, таму Юзаф палічыў за лепшае нічога не казаць. Для нас, якія жывуць у свеце пустых слоў, вадалейства, адсутнасці адказнасці за напісанае і сказанае, а таксама ў свеце паўсюднага крыку і шуму, маўчанне Юзафа з’яўляецца каштоўнай парадай, а то і рэцэптам, дзе шукаць лекі ад вышэйзгаданых і іншых захворванняў або паталогій. І прафесійным прамоўцам, і нам, “аматарам”, якія маем дачыненне да слова кожны дзень (кожны з нас штодзень размаўляе), Юзаф падказвае, што заўсёды патрэбна адпаведная порцыя цішыні і маўчання. Яна патрэбна штодзённа, каб пачуць голас Бога”, – падкрэсліў намінат.
Ён дадаў, што, як можна меркаваць на аснове Святога Пісання, словы Юзафа “заўсёды былі мудрымі і прыгожымі”, “ён, напэўна, не ўжываў брудных слоў, не праклінаў”, “ён ведае, што Бог даў слова, каб любіць”.
Біскуп-намінат узгадаў розныя абставіны, у якіх Святое Пісанне паказвае Юзафа. У адных абставінах “мы бачым яго заклапочаным і ў той жа час бездапаможным”, у іншых “яго сэрца сціснулася, калі ён пачуў словы прароцтва”, потым Юзаф “не толькі не спрачаецца з анёлам, але нават ні аб чым не пытаецца ў яго”. Юзаф падтрымлівае сям’ю працай сваіх рук, ён, цясляр, “навучыў Езуса паважаць і нават любіць дрэва”. “Ён памёр, як жыў. Ён сышоў моўчкі, у цішыні, з адчуваннем выкананай справы. Можна было б сказаць, што цяпер са сцэны сыходзіць Рамеснік, бо на сцэну вось-вось павінен увайсці Настаўнік з Назарэта”, – падсумаваў намінат.
Па яго словах, Юзаф можа “навучыць нас добраму, прыгожаму і плённаму жыццю”, “з яго дапамогай мы знойдзем Езуса ў святыні ці ў іншым месцы, хоць у гэтых пошуках будзем адчуваць боль сэрца і боль у нагах – як усё гэта адчуваў Юзаф”. Таксама Юзаф “вучыць нас працы”, а ў той жа час “перасцерагае, каб мы не абагаўлялі працу”; вучыць “зрабіць усё, каб Марыя, а перш за ўсё Яе Сын Езус, мелі права голасу ў нашым жыцці і каб мы кожны дзень да яго прыслухоўваліся”. “З Юзафам Езус і Марыя адчувалі сябе ў бяспецы, адчувалі сябе як дома, нават у выгнанні ў Егіпце, – адзначыў намінат. – А як яны сябе адчуваюць побач з намі? Ці не жывуць яны пад пастаяннай пагрозай высялення? Ці не сядзяць ціхенька ў куце, каб не раззлаваць капрызных гаспадароў?”
Акрамя таго, Юзаф, па словах наміната, “нагадвае, што наша роля ў фільме, якім з’яўляецца жыццё, другасная – галоўную ролю адыгрывае Бог”; “Юзаф перасцерагае нас ад унясення якіх-небудзь змяненняў у сцэнарый, перш за ўсё ад спробаў змяніць гэтыя ролі”.
“Калі б у Езуса, Настаўніка, былі ў свеце такія майстры, як яго прыёмны бацька Юзаф, Ён мог бы быць спакойны за гэты свет. Але пакуль у Яго толькі чаляднікі”, – заўважыў біскуп-намінат. Ён заклікаў удзельнікаў урачыстасці “паглыбляць, прыбягаючы да заступніцтва святога Юзафа, сапраўднага Майстра, нашае хрысціянскае майстэрства”, “апранаючыся кожны дзень, як Юзаф, у вопратку любові”.
Звяртаючыся да тых, хто прыступаў у гэты дзень да канфірмацыі, намінат сказаў: “Святы Дух чакае ад вас, што вы ўчыніце ўсё магчымае, каб Божая ласка прынесла ў нас “шматлікі плён”. Ён чакае ад вас таго, каб дары веры і любові, якія вы атрымалі, не былі зачынены на ключ у сэрцах, у сценах уласнага дома, а каб вы прыносілі іх іншым”. Намінат заахвоціў іх “зрабіць усё магчымае, каб быць людзьмі веры і любові ў Духу Святым і адважна абвяшчаць Евангелле ўваскрослага Хрыста ўсюды, куды Ён пасылае”.
У канцы Імшы вернікі выказалі ўдзячнасць біскупу Гродзенскаму і біскупу-намінату за візіт, а свайму душпастыру – за вялікую адданасць парафіяльнай супольнасці, асабліва ў справе будаўніцтва святыні і будаўніцтва Касцёла духоўнага – з чалавечых сэрцаў.
Біскуп Кашкевіч пажадаў парафіянам працягваць ствараць і развіваць гэты жывы Касцёл, а таксама заставацца дынамічнай супольнасцю веруючых людзей, якіх яднае любоў да Бога і бліжняга.
Урачыстасць завяршылася супольным пачастункам ля будынка касцёла. Ад эўхарыстычнага пасілку вернікі такім чынам перайшлі да агульнага стала, радуючыся, размаўляючы і тым самым садзейнічаючы ўтварэнню супольнасці, у якой кожны становіцца для іншага братам ці сястрой.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі