14 красавіка біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў каталіцкую евангелізацыйную супольнасць “Эхад”, якая дзейнічае пры катэдральнай парафіі св. Францішка Ксаверыя ў Гродне.
Як паведамляе сайт супольнасці, гэты дзень быў для яе асаблівым, бо, акрамя візіту іерарха, на традыцыйнай нядзельнай сустрэчы адбылося падпісанне дэкларацый членаў “Эхад” удзельнікамі яе малых груп.
Пасля малітвы лідар супольнасці Анатоль Канарскі і яе апякун кс. Алег Пятрашка правялі канферэнцыю “Сакрамэнт пакаяння – не проста споведзь”.
У межах канферэнцыі было заўважана, што аснова сакрамэнту пакаяння – змяненне сэрца ў выніку дзеяння Божай ласкі і што гэты сакрамэнт дае ласку для пастаяннага ажыццяўлення такога ўнутранага перамянення.
Было адзначана, што важна правільна называць гэты сакрамэнт: “калі мы ведаем, што прыступаем да сакрамэнту пакаяння, то разумеем, што гэтае ўсведамленне сваіх грахоў, якое пастаянна паўтараецца, павінна весці нас да ўнутранага змянення, якое ажыццяўляецца тады, калі ў нас дзейнічае ласка, а мы з ёю супрацоўнічаем”.
Прысутным патлумачылі, што тое, наколькі часта і як прыступаць да сакрамэнту пакаяння, “павінна быць звязана з рытмам нашага ўнутранага духоўнага жыцця, якое пачынаецца з акту веры і працягваецца праз змяненне мыслення”, і што сапраўднае пакаянне “заключаецца менавіта ў цвёрдым унутраным рашэнні”.
На прыкладзе ўчынкаў Юды, апісаных у Евангеллі паводле Мацвея, было паказана адрозненне паміж паняццямі пакаяння і “жалю, горычы – таго, што часта прымаецца за пакаянне”.
Біскуп Аляксандр Кашкевіч звярнуўся да прысутных са словам наказу.
Члены “Эхад” вельмі рады, што пастыр Касцёла на Гродзеншчыне адгукнуўся на іх запрашэнне сустрэцца з імі, удзячныя яму за размову, асабістае знаёмства з супольнасцю, давер і садзейнічанне.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі