13 красавіка ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне адбылася святая Імша ў 33-ю гадавіну заснавання Гродзенскай дыяцэзіі.
Эўхарыстыю ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Разам з ардынарыем маліліся прызначаны біскупам-каад’ютарам Гродзенскай дыяцэзіі біскуп-намінат Уладзімір Гуляй, іншыя святары, законныя сёстры, свецкія вернікі.
На пачатку літургіі пастыр Касцёла на Гродзеншчыне заклікаў прысутных выразіць падзяку Пану Богу за дар дыяцэзіі, у якой за гэтыя 33 гады было зроблена шмат.
Біскуп цэлебраваў Імшу ў інтэнцыі ўсіх жыхароў Гродзенскай вобласці.
У гаміліі пробашч катэдральнай парафіі кс. канонік Ян Кучынскі ўзгадаў гісторыю заснавання дыяцэзіі і прызначэння яе першага ардынарыя Аляксандра Кашкевіча, які быў тады пробашчам віленскай парафіі Святога Духа.
Святар адзначыў вялікую адвагу біскупа Аляксандра, з якой той прыбыў у 1991 г. у Гродна, каб узначаліць новую дыяцэзію. Ксёндз Ян падкрэсліў, што з таго часу ў дыяцэзіі шмат было здзейснена, паўсталі розныя душпастырствы, былі адноўлены святыні, якія ўжо існавалі, і пабудаваны новыя, амаль 200 чалавек атрымалі з рук біскупа Кашкевіча прэзбітэрскае пасвячэнне.
Біскупу выказалі віншаванні ад імя супольнасці Тэалагічнага каледжа св. каралевіча Казіміра ў Гродне намеснік дырэктара каледжа па вучэбнай частцы а. Андрэй Шчупал CSsR і навучэнцы. Тыя, хто вучыцца ў каледжы і ў будучыні возьме ўдзел у катэхізацыі на тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі, падзякавалі іерарху за тое, што ён з моманту заснавання дыяцэзіі па сённяшні дзень з’яўляецца яе “вартаўніком”, і пажадалі трывала і ў паўнаце сіл працягваць весці ўсіх да святасці.
У канцы Эўхарыстыі біскуп падзякаваў духавенству, кансэкраваным асобам і свецкім людзям за тое, што яны разам ідуць адным шляхам, які ўказвае Хрыстус.
Іерарх пажадаў, каб Касцёл на Гродзеншчыне мог і далей развівацца і каб у ім ніколі не было недахопу ў адданых святарах, руплівых законных сёстрах і пабожных свецкіх верніках.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Максімільян Пік