Skip to main content

“Божае аблічча – гэта Міласэрнасць”: біскуп-намінат Уладзімір Гуляй узначаліў адпустовую Імшу ў Лідзе

lida bozego miloserdia 77 красавіка, у ІІ Велікодную нядзелю, якая святкуецца як урачыстасць Божай Міласэрнасці, парафія ў лідскім мікрараёне Маладзёжны вітала шматлікіх гасцей з усяго горада і ваколіц. Парафія Божай Міласэрнасці ў Лідзе з’яўляецца адной з першых у свеце, якія атрымалі гэты тытул: ён быў дадзены ёй у 1994 г.

Вялікай радасцю для парафіяльнай супольнасці стала святкаванне сваіх “імянін” разам з біскупам-намінатам Уладзімірам Гуляем, пра прызначэнне якога біскупам-каад’ютарам Гродзенскай дыяцэзіі стала вядома двума днямі раней.

У прывітальным слове пробашч парафіі кс. канонік Андрэй Зноска падкрэсліў, што для лідскай зямлі гэтае прызначэнне з’яўляецца асаблівым гонарам, бо новапрызначаны іерарх аддаў 21 год свайго святарства служэнню Богу менавіта ў гэтым рэгіёне. “Калі ксёндз Уладзімір выязджаў у Гродна, каб пачуць пра сваю біскупскую намінацыю, неба над Лідай плакала дажджом, бо Лідчына мела ў яго асобе руплівага душпастыра Фарнай парафіі, а святары цешыліся сардэчным суседам, шчырасць і адкрытасць якога былі паўсюдна вядомыя, – зазначыў пробашч. – Але цяпер, калі ён прыбыў да нас з апостальскім словам і радасцю супольнай Эўхарыстыі, неба над касцёлам зноў усміхаецца промнямі веснавога сонца, бо замест стараннага пробашча і зычлівага суседа Бог даў нам добрага біскупа”.

Адпустовую Эўхарыстыю канцэлебравалі разам з намінатам рэктар Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне кс. канонік Віталій Вайцяхоўскі і пробашчы лідскіх парафій кс. доктар Віталій Сідорка і а. Аляксандр Махнач SP. Пробашч лідскай парафіі Святой Сям’і кс. Руслан Мазан удзяляў сакрамэнт паяднання ў канфесіянале.

lida bozego miloserdia 8

У гаміліі біскуп-намінат Уладзімір сказаў: “Езус хацеў паказаць сваім вучням, што Яго Уваскрасенне – гэта не магічная формула, якая разганяе праблемы. Гэта перамога любові над коранем зла, перамога, якая не “выцясняе” пакуты і смерць, але праходзіць іх наскрозь, адкрываючы шлях у неспасціжнае, ператвараючы зло ў дабро: гэта выключны знак Божай моцы. Раны Уваскрослага з’яўляюцца доказам пераможнай любові. Яны дапамагаюць нам зразумець, хто такі Бог. Толькі Бог, які любіць нас настолькі, каб прыняць на сябе нашы раны і наш боль, варты веры. І толькі такім чынам мы разумеем, што міласэрнасць з’яўляецца не адной з Яго шматлікіх рысаў, але пульсам Яго сэрца. Міласэрнасць – гэта сапраўдная форма зразумення таго, што Яго сэрца б’ецца для мяне, для цябе, для кожнага з нас. Міласэрнасць – Яго аблічча!”

Удзельнікі ўрачыстасці прызнаваліся потым, што ім запалі глыбока ў душу словы, якія намінат паўтарыў некалькі разоў: “Божае аблічча – гэта Міласэрнасць”.

Казанне новапрызначанага іерарха змяшчала таксама прызыў да перамогі над страхам: “Дарагі брат і сястра! Калі ты не спакойны, калі баішся і напалоханы ўсім, што сёння вакол цябе адбываецца, дакраніся да Яго ран. Калі ты напалоханы тым, што вакол так шмат болю і пакутаў, дакраніся да Яго ран! Калі адчуваеш бездапаможнасць, роспач, сумненні – дакраніся да Яго ран! Калі хочаш прабачэння і міласэрнасці, дакраніся да Яго ран. Бо ў іх – як прарочыў Ісая – наша аздараўленне. Ён сам, паранены, у сваёй любові выходзіць насустрач нашым ранам. Мы не павінны саромецца іх перад Ім. Мы не павінны іх хаваць. У гэтую Гадзіну Міласэрнасці Ён хоча нас аздаравіць. Ён хоча вылечыць нас і ўсё змучанае чалавецтва”.

Біскуп-намінат заклікаў да адзінства ў моцы Уваскрослага Хрыста: “Вечар уваскрасення, як мы чулі сёння ў Евангеллі, стаў таксама вечарам паслання для вучняў Езуса: Як паслаў Мяне Айцец, так і Я пасылаю вас. У моцы Святога Духа вучні былі пасланы ў свет, каб несці вестку прабачэння. Праз іх Езус хоча прабачаць і праяўляць міласэрнасць. Папа Францішак сказаў, што міласэрнасць адчыняе не толькі браму нашага розуму, каб лепш пазнаваць Бога і таямніцу нашага асабістага жыцця, але таксама браму нашага сэрца, каб ісці і праяўляць міласэрнасць да нашых бліжніх. Евангелле заклікае і абавязвае нас дакрануцца да ран Езуса ў нашых братах і сёстрах, якія пакутуюць. Мы пакліканы і пасланы, каб, як Ён, дакрануцца да ран бедных і тых, хто ў роспачы, напалоханых і адкінутых, духоўна параненых і згубленых. І мы не павінны рабіць гэта ў адзіночку. Мы павінны ісці як Касцёл. Мы пакліканы і пасланы як супольнасць веруючых: веруючых у Хрыста Уваскрослага, які жыве! Вось чаму мы сёння тут разам”.

У канцы Імшы да наміната звярнуліся прадстаўнікі парафіяльнай рады: “Хто, калі не Вы, Эксцэленцыя, ведае, што мы тут, у Лідзе, моцна трываем у вучэнні Касцёла і Апосталаў, верна вызнаём усе праўды каталіцкай веры. Мы, прадстаўнікі старэйшага пакалення парафіян, з удзячнасцю Богу ўспамінаем доўгі і складаны шлях пабудовы гэтай велічнай святыні. А сёння мы шчаслівыя з таго, што бачым у касцёле маладыя сем’і з дзецьмі, моладзь, новае пакаленне вернікаў, якія зоймуць нашыя месцы перад Божым алтаром, таму наш касцёл ніколі не будзе пустым. Абяцаем Вам, што не толькі будзем, як верныя дзеці, кожны дзень на кожнай Імшы ўспамінаць Вашае імя, але і ў сваіх прыватных малітвах, простых пацерах і ружанцовай малітве будзем прасіць Бога, каб благаславіў Ваша пастырскае служэнне. У добры шлях!”

У адказ на віншаванні біскуп-намінат асабліва дзякаваў Пану Богу за вялікую ласку весці Божы народ, а таксама дзякаваў за давер, якім адарыў яго Святы Айцец Францішак. Падзякай намінат агарнуў і вернікаў Лідчыны, падкрэсліўшы, што калі, будучы маладым ксяндзом, прыехаў у Ліду, то думаў, што яго задачай будзе навучаць мясцовых католікаў, а аказалася, што за тыя гады, якія ён правёў там, гэта яны “сталі для яго настаўнікамі веры і любові да Бога”.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі