Новапрызначаны біскуп-каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі Уладзімір Гуляй у сваім каментарыі, першым пасля абвяшчэння рашэння Папы Францішка аб гэтым прызначэнні, падкрэсліў, што Бог прыходзіць да чалавека ў далікатнай любові, за што трэба заўсёды быць удзячным Яму.
“Сёння мае словы напоўнены ўдзячнасцю Богу за Яго бязмерную любоў, якую выявіў мне ў 1975 годзе, калі паклікаў мяне да жыцця. Потым – калі пазваў мяне па імені, кажучы: “Ты Мой умілаваны сын”. Я перажываю гэты дзень у такіх разважаннях, бо гэта рэха тых слоў – слоў любові Бога, Айца нябеснага. Дзякую Богу за дар паклікання, за тое, што сёння даў мне новую місію, новае заданне – быць біскупам”, – сказаў новапрызначаны каад’ютар.
“Добра разумею, што калі Бог дае такое заданне, то дае і сваю дабрыню і ласку, каб гэтае заданне выканаць добра, дасканала, так, як Ён гэтага хоча. І сёння, углядаючыся ў міласцівыя, добрыя вочы Бога, менавіта гэтага прашу”, – адзначыў біскуп-намінат.
Ён падкрэсліў, што і духоўныя, і свецкія асобы ідуць адной дарогай – дарогай веры – да збаўлення. Таму, дзякуючы ўсім за малітоўную падтрымку, намінат папрасіў аб далейшай малітве ў яго інтэнцыі і заахвоціў, каб усе разам “углядаліся ў Езуса Хрыста Уваскрослага, каб з таямніцы ўваскрасення Пана мы чэрпалі моц сваю і сілу, а таксама каб Хрыстус у нас уваскрасаў кожны дзень”.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі