Skip to main content

Велікодная раніца ў парафіі Святога Духа ў Гродне: “Пасха – не мінулае, а сучаснасць”

wialikdzen alszanka 10Вялікдзень – галоўную ўрачыстасць Касцёла – вернікі гродзенскай парафіі Святога Духа ў Гродне сустрэлі разам з арцыбіскупам эмерытам Тадэвушам Кандрусевічам.

Літургічная цэлебрацыя нядзелі Уваскрасення Пана, калі адзначаецца перамога жыцця над смерцю, пачалася ў парафіі на світанні. Каля капліцы адбылася рэзурэкцыйная працэсія з Найсвяцейшым Сакрамэнтам, у якой прынялі ўдзел парафіяне на чале з арцыбіскупам.

Затым адбылася ўрачыстая Эўхарыстыя.

Звяртаючыся да вернікаў, арцыбіскуп сказаў: “Рэзурэкцыйная працэсія, якую смела можна назваць нашым рэлігійным брэндам, абвяшчае нам радасную пасхальную вестку аб тым, што не смерць, а жыццё пануе ў свеце”.

wialikdzen alszanka 6

Іерарх нагадаў пра падзеі, апісаныя ў Евангеллі. Марыя Магдалена, калі яшчэ было цёмна, накіравалася да магілы Езуса, каб паводле габрэйскага звычаю намасціць Яго цела пахучымі алеямі. Убачыўшы пустую магілу і пачуўшы словы анёла, што Езуса тут няма, яна не ўзрадавалася, а перапалохалася і пабегла сказаць апосталам, што Яго цела скралі. Пётр і Ян паспяшылі да магілы, увайшлі ў яе, убачылі і паверылі. Пазней Езус паказаўся апосталам у Вячэрніку, паказаўся вучням з Эмаўса і многім іншым.

“Езус быў пахаваны ў новай магіле, якую сабе падрыхтаваў уплывовы габрэй Юзаф з Арыматэі. Яго сусед быў здзіўлены гэтым і спытаў: “Чаму ты згадзіўся аддаць сваю магілу іншаму?” Юзаф адказаў: “Няма праблемы. Я яе не аддаў, а толькі пазычыў на тры дні”. І ён не ашукаўся”, – распавёў арцыбіскуп.

“Мы радуемся святу ўваскрасення Езуса. Але наша радасць адрозніваецца ад той, якую перажываюць удзельнікі святкавання гадавіны ці юбілею нейкай значнай падзеі”, – адзначыў іерарх. Ён патлумачыў, што Вялікдзень – не чарговая гадавіна Уваскрасення Езуса, якое мела месца дзве тысячы гадоў таму ў Ерузалеме, не памятнае мерапрыемства, не ўспамін першага пасхальнага ранку.

“Гэта проста Пасха. Гэта дзень, які Пан учыніў. Сёння Ён уваскрос. Пасха Хрыстова – гэта не мінулае, а сучаснасць, і мы з’яўляемся ўдзельнікамі праўды Уваскрасення Хрыста. Сённяшні дзень – гэта радасць трыумфу і перамогі Бога”, – падкрэсліў арцыбіскуп.

Ён нагадаў, што сімвалам хрысціянства з’яўляецца якар, які ўтрымлівае карабель падчас буры на моры. Таксама і Хрыстус, дадаў іерарх, трымае нас на ўзбураных хвалях жыцця і, “бязмежны ў сваёй міласэрнасці, дапаможа нам уваскрэснуць з грэшнай магілы, калі мы дазволім Яму гэта зрабіць”.

wialikdzen alszanka 7

Арцыбіскуп павіншаваў вернікаў са святам Пасхі і заклікаў дазволіць Хрысту ўваскрасаць у іх сэрцах, каб адчыніць магілы трывог, грахоў, непакою, цяжкасцяў, праблем і напоўніць надзеяй, якой з’яўляецца вечнае жыццё.

Парафіянаў павіншаваў таксама пробашч кс. канонік Павел Салабуда, пажадаўшы радасці, супакою, моцнай веры, надзеі, любові не толькі да Бога, але і да кожнага.

Наталля Лазоўская, прэс-служба Гродзенска дыяцэзіі