Skip to main content

Пасхальная вігілія з арцыбіскупам Кандрусевічам у гродзенскай парафіі Святога Духа: “Уваскрослы Хрыстус павінен жыць у нашых сэрцах”

welka sb olszanka 4У гродзенскай парафіяльнай супольнасці Святога Духа Пасхальная вігілія прайшла з удзелам арцыбіскупа эмерыта Тадэвуша Кандрусевіча, які стаў госцем гэтай парафіі на дні Пасхальнага Трыдууму.

Днём у Вялікую суботу ў парафіі адбылося благаслаўленне велікодных страваў. Можна было не толькі прынесці ў парафіяльную капліцу кошыкі з ежай, але і памаліцца ў цішыні перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, змешчаным у грабніцу, і прыступіць да споведзі, каб з ачышчаным сэрцам сустрэць уваскрослага Хрыста.

Вечарам адбылася Імша Пасхальнай вігіліі. У гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч падкрэсліў, што пасхальная таямніца паказвае бязмежную любоў Бога да чалавека.

“Дзякуючы гэтай любові Хрыстус перамог законы прыроды, бо хто і калі бачыў памерлага жывым? – адзначыў іерарх. – У апошнія часы мы часта чытаем пра чорныя касмічныя дзіркі, якія паглынаюць усё. Яны дзейнічаюць як велізарны пыласос. Усё, што ў яго ўваходзіць, назад не вяртаецца. Таксама і смерць падобная да касмічнай чорнай дзіркі: яна забірае чалавека і не аддае назад. Аднак Хрыстус перамог гэты закон і выйшаў жывым з цёмнай магілы смерці”.

welka sb olszanka 3

Арцыбіскуп дадаў, што, на жаль, праўда ўваскрашэння цела не ўспрымаецца сучасным чалавекам, “які хоча жыць шчасліва тут і цяпер, не думае пра вечнасць і лічыць, што можа рэалізаваць свае планы без Бога”. “Сучаснае хрысціянства спусташаецца, пазбаўляючыся сваіх каштоўнасцей, і становіцца хрысціянствам без Хрыста і маральных нормаў. У той жа час вучэнне Хрыста радыкальнае: “Белае – гэта белае, чорнае – гэта чорнае”. Божы закон нязменны і не залежыць ад волі чалавека. Аднак у секулярнай культуры белае становіцца чорным, а чорнае – белым, што пераварочвае ўстаноўлены Богам маральны парадак з ног на галаву”, – сказаў іерарх.

Па яго словах, у такой драматычнай сітуацыі Касцёл заклікае вярнуцца да хрысціянскай этыкі, якая будзе бараніць ад грэшных схільнасцей.

“Мора салёнае, але рыбы ў ім не салёныя, бо жывыя. Таксама і калі мы будзем жыць у Хрысце, то грахоўныя выклікі не перамогуць нас”, – падкрэсліў арцыбіскуп.

Ён нагадаў, што “ўваскрослы Хрыстус не толькі жыве на старонках Бібліі, але таксама павінен жыць у нашых сэрцах”. “Гэта фундаментальнае пасланне Пасхі як падмурка нашай веры і надзеі на шчаслівую вечнасць. Яно павінна быць компасам нашага зямнога жыцця, каб дасягнуць порта вечнага шчасця”, – заўважыў іерарх.

Арцыбіскуп павіншаваў вернікаў са святам святаў – Пасхай Хрыстовай – і пажадаў, каб праўда Уваскрасення Хрыста вяла іх па жыцці і прывяла ў радасць вечнага шчасця ў небе.

Наталля Лазоўская, прэс-служба Гродзенска дыяцэзіі