Падобна як рымскія жаўнеры, якія былі пасланыя сцерагчы грабніцу з целам Хрыста, міністранты іўеўскай парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Вялікую пятніцу і Вялікую суботу чувалі пры Найсвяцейшым Сакрамэнце.
Паводле Евангелля, калі пасля смерці на крыжы цела Езуса было пакладзена ў магілу, рымскія ўлады вырашылі паставіць каля яе ахову, каб не даць Яго паслядоўнікам забраць цела. Біблія апісвае, што ноччу ахоўнікі перажылі дзіўную падзею, калі над магілай з’явіўся анёл. Яго прысутнасць прымусіла ахоўнікаў страціць прытомнасць ад страху.
Для хрысціян гэтая гісторыя сімвалізуе моц веры і перамогу над смерцю. Калі зямля дрыжала, а ахоўнікі адчувалі страх і няўпэўненасць, Божая любоў здзейсніла план збаўлення. Ахоўнікі магілы Езуса сталі сведкамі цуду ўваскрасення, дзякуючы іх мужнасці і стойкасці ў варце свет атрымаў найвялікшае ў гісторыі чалавецтва сведчанне веры.
Міністранты іўеўскай парафіі, апранутыя ў “мундзіры”, якія нагадвалі вопратку рымскіх жаўнераў часоў Хрыста, з коп’ямі і шчытамі ў руках, неслі варту і сцераглі Езуса ў грабніцы, змяняючыся па чарзе кожныя 15 хвілін.
Для літургічнай службы алтара гэтай парафіі такая ганаровая варта пры Гробе Пана – традыцыя, якая налічвае каля двух дзесяцігоддзяў. Незвычайная ініцыятыва патрабуе адпаведнай падрыхтоўкі: міністранты загадзя рэпетуюць парадак выхаду на месца нясення варты, уладкоўваюць месца для адпачынку, рыхтуюць касцюмы. Важная і дысцыпліна на варце. Юнакі стаяць, не варушачыся і не размаўляючы, трымаючы пры гэтым шчыты і коп’і.
Падобнае незвычайнае чуванне праходзіць і ў некаторых святынях суседняй Польшчы, аднак там варту нясуць супрацоўнікі пажарнай службы.
Для міністрантаў гэта магчымасць пабыць разам з Езусам і ў думках перанесціся на дзве тысячы гадоў таму, каб стаць сведкамі і як быццам непасрэднымі ўдзельнікамі самай галоўнай падзеі чалавецтва.
Раман Ярмош