Вечарам 30 сакавіка ў гродзенскім катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя, як і кожны год, вялікая колькасць вернікаў пачала літургіяй Пасхальнай вігіліі святкаванне самай важнай урачыстасці хрысціянства.
Цэлебрацыю ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
Пасхальная вігілія пачалася літургіяй Святла. Перад касцёлам біскуп благаславіў агонь, ад якога пасля быў запалены пасхал – сімвал Хрыста. На пасхальнай свечцы іерарх зрабіў знак крыжа і адзначыў літары А (альфа) i Ω (амега), якія азначаюць, што Бог з’яўляецца пачаткам і канцом кожнага стварэння.
Затым пасхал быў урачыста ўнесены ў святыню з патройным радасным воклічам “Святло Хрыста”, на які вернікі адказвалі: “Дзякуем Пану Богу”.
Падчас літургіі слова прысутныя разважалі над гісторыяй збаўлення, апісанай у Старым і Новым Запаветах, пачынаючы ад стварэння свету і першых людзей да збаўчай Мукі і Уваскрасення Хрыста.
Ксёндз Віталій Дабраловіч, дырэктар Пастырскага цэнтра пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, звярнуўся да вернікаў, сказаўшы: “Хрыстус уваскрос! Гэтыя словы прыносяць радасць кожнаму хрысціяніну”. Святар дадаў, што “толькі праз смерць можна адчыніць дзверы, якія называюцца змёртвыхпаўстаннем”.
Пасля біскуп Кашкевіч благаславіў хрысцільную ваду, а ўдзельнікі літургіі аднавілі абяцанні хросту.
Цэнтрам Імшы Пасхальнай вігіліі была эўхарыстычная літургія.
Напрыканцы Эўхарыстыі біскуп Гродзенскі павіншаваў вернікаў са святам Змёртвыхпаўстання Хрыста. “Няхай сустрэча са Збаўцам за эўхарыстычным сталом і за сталом у родным доме ўмацуе вас, дарагія браты і сёстры, у любові, адзінстве і міры”, – сказаў іерарх.
Пасля Імшы пачалася адарацыя Езуса пад знакам хлеба ў імправізаванай грабніцы. На працягу ўсёй ночы, да самай рэзурэкцыі, кожнаму верніку дадзена магчымасць у гэтай адарацыі асабіста паразмаўляць са сваім Збаўцам.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі