Skip to main content

 Велікапосная сустрэча сэрцанскай моладзі з розных мясцін Беларусі прайшла ў Гродне

sercanie 1З 7 па 9 сакавіка ў парафіі Божай Міласэрнасці ў Гродне адбыліся рэкалекцыі, у якіх удзельнічалі сэрцанскія моладзевыя супольнасці з Гродна, а таксама з Варапаева, Паставаў, Шаркаўшчыны (Віцебская дыяцэзія) і з Ляхавічаў (Пінская дыяцэзія).

Тэмай сёлетніх духоўных практыкаванняў падчас Вялікага посту стаў шлях Бога да зацвярдзелага сэрца Божага абранніка — старазапаветнага прарока Ёны.

Разам разважаючы над тэкстамі Святога Пісання падчас канферэнцый і сустракаючыся са словам Айца ў вечаровай адарацыі, моладзь намагалася адкрыць свае сэрцы на голас Бога і пачуць тое, што Ён хоча сказаць кожнаму асабіста.

sercanie 4

Кожны дзень распачынаўся супольнай малітвай Літургіі гадзінаў і заканчваўся часам на прыватную малітву ў цішыні перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Пастаянная магчымасць скарыстацца сакрамэнтам паяднання, а таксама ўдзел у набажэнстве Крыжовага шляху былі дапамогай у велікапосным пакаянні і навяртанні, а таксама спрыялі малітоўнай засяроджанасці.

Цэнтрам моладзевых рэкалекцый нязменна была святая Імша як момант радаснай сустрэчы ва ўласным сэрцы з Сэрцам Пана.

Эўхарыстыю цэлебравалі святары з законніцкай супольнасці сэрцанаў ксёндз Генадзь Лаўніковіч SCJ і ксёндз Чэслаў Куцмеж SCJ.

Час, прысвечаны набліжэнню да Бога з дапамогай духоўных практыкаванняў стаў для юнакоў і дзяўчат таксама момантам радаснай сустрэчы ўсёй моладзевай сэрцанскай супольнасці Беларусі.

Паводле Catholic.by