Skip to main content

Павялічыліся шэрагі літургічнай службы алтара лідскай Фары

fara ministranty 6Перыяд Вялікага посту для лідскай парафіі Узвышэння Святога Крыжа (Фара) адзначаны радаснымі падзеямі.

10 сакавіка, у чацвёртую нядзелю Вялікага посту (Нядзеля радасці), парафія стала багацей на дзесяць міністрантаў.

Хлопчыкі, якія далучыліся да шэрагаў літургічнай службы алтара, рыхтаваліся да гэтага доўгі час пад кіраўніцтвам старэйшага міністранта.

Прыняцце ў міністранты адбылося на святой Імшы для моладзі, якую цэлебраваў вікарый парафіі кс. Дзмітрый Малец. Святар складаў на гэтай Эўхарыстыі падзяку Богу за ласку з’яўлення новых міністрантаў у парафіяльнай супольнасці.

У гаміліі святар звярнуўся да новых міністрантаў словамі Яна Паўла ІІ: “Вашае служэнне каля алтара – гэта не толькі абавязак, але і вялікі гонар, сапраўднае святое служэнне”.

У канцы Імшы пробашч парафіі кс. канонік Уладзімір Гуляй павіншаваў хлопчыкаў, даў ім парады, настаўленні і благаславіў.

Парафіяльная супольнасць цешыцца гэтай падзеі і дзякуе Пану за яе.

Дзіяна Бранчэль, прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: Вікторыя Мікавоз