4 сакавіка, у свята апекуна Гродзенскай дыяцэзіі святога каралевіча Казіміра, у катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне адбылася ўрачыстая Эўхарыстыя.
Перад Імшой канонікі катэдральнага капітулу, апекуном якога таксама з’яўляецца святы Казімір, сабраліся на малітве Літургіі гадзін.
Імшу ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Звяртаючыся да прысутных, іерарх нагадаў, што асоба святога каралевіча звязана з горадам над Нёманам, дзе Казімір адышоў у вечнасць 4 сакавіка 1484 г. у каралеўскім замку ва ўзросце 26 гадоў.
Катэдра была напоўнена вернікамі, якія прыйшлі ўшанаваць свайго апекуна і праз яго заступніцтва звярнуцца з просьбамі да Бога.
У гаміліі кс. канонік Уладзімір Гуляй, біскупскі вікарый Лідскага рэгіёну і пробашч парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе, засяродзіў увагу на асобе св. Казіміра. Святар адзначыў, што каралевіч, які жыў у XV стагоддзі, рысамі свайго характару, а асабліва любоўю да Бога і чалавека, не перастае захапляць і сённяшніх людзей і з’яўляецца святым таксама нашага часу, яго постаць не загінула ў змроку гісторыі.
Ксёндз Уладзімір дадаў, што святога Казіміра, несумненна, Бог адарыў шматлікімі здольнасцямі і талентамі, і прытым ён быў незвычайна чулым да іншых, асабліва да тых, каму патрабавалася дапамога.
Святар падкрэсліў, што на ўзор каралевіча Казіміра сучасныя людзі павінны шукаць шляхі да Бога і чалавека, пераадольваць у саміх сябе і навокал розныя формы абыякавасці і душэўнай акамянеласці.
Па словах ксяндза Уладзіміра, час Вялікага посту “павінен дапамагаць кожнаму чалавеку перамагаць абыякавасць, якая з’яўляецца рэальнай спакусай для веруючых, для хрысціян, католікаў, якія жывуць на гэтай цудоўнай зямлі і пад адным небам”. Ён адзначыў, што ў пераадоленні гэтай абыякавасці дапаможа малітва, якой нельга пагарджаць, што важна памятаць пра ўчынкі міласэрнасці да бліжняга, якія “няхай будуць сапраўды канкрэтнымі, хоць і малымі”, і пра тое, што “кожны бліжні, якому патрабуецца дапамога, нагадвае мне пра слабасць майго жыцця, залежнасць ад Бога і братоў”.
Памяць пра каралевіча Казіміра, які ўшаноўваецца на нашай зямлі і якога лёс злучыў з горадам над Нёманам, абавязвае, як заўважыў святар, з адвагай і велікадушнасцю любіць Бога і іншага чалавека. Ксёндз Уладзімір выказаў пажаданне, каб “нашы парафіі і супольнасці сталі астравамі міласэрнасці ў моры абыякавасці”.
Эўхарыстыя ў катэдры была для ўдзельнікаў магчымасцю падзякаваць Богу за дар св. Казіміра, праз яго заступніцтва даручыць Пану сябе, сваіх блізкіх, сённяшнюю моладзь і ўсіх вернікаў Гродзенскай дыяцэзіі, усе цяжкія справы нашай краіны і тых, хто выконвае ў ёй грамадска-адміністрацыйныя функцыі, каб яны рабілі гэта з поўнай адказнасцю і ў духу служэння ўсім жыхарам нашай бацькаўшчыны.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі