З 23 па 25 лютага для супольнасці Тэалагічнага каледжа імя св. Казіміра ў Гродне былі праведзены велікапосныя рэкалекцыі. Правёў духоўныя практыкаванні прэфект і выкладчык Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, а таксама выкладчык каледжа кс. Ян Раманоўскі.
Матывам, які злучаў канферэнцыі кожнага дня рэкалекцый, была metanoia. У дакладным перакладзе з грэцкай мовы гэтае паняцце азначае змену кірунку мыслення, у хрысціянскім кантэксце яна тлумачыцца таксама як пакаянне. Рэкалекцыяніст заўважыў, што такія змены духоўнага кірунку адбываюцца ў жыцці кожнага хрысціяніна і неаднойчы, а іх нагодай і цэнтрам з’яўляецца асабістая сустрэча з Хрыстом. Такая сустрэча, як падкрэсліў кс. Ян, адбываецца з улікам асаблівасцей і магчымасцей чалавека: гэта значыць, што кожны перажывае metanoia ў сваім тэмпе і з індывідуальнай інтэнсіўнасцю. Па словах святара, “часам можа прайсці палова жыцця, каб штосьці змянілася”, і адначасова жыццё чалавека можа складацца са шматлікіх маленькіх метаной.
Таксама было адзначана, што ў працэсе ўнутранага аднаўлення важныя намаганні чалавека, жаданне сустрэцца з Хрыстом, перамяніць сваё жыццё; што Бог заўсёды выходзіць насустрач чалавеку і пры гэтым не можа ламаць вольнай волі сваіх дзяцей.
Для заглыблення ў выбраную тэму кс. Ян прапанаваў удзельнікам паразважаць над некалькімі фрагментамі Евангелля, якія гавораць пра блізкасць Бога да чалавека і вялікую міласэрнасць Створцы да свайго стварэння. Сярод іх быў урывак, прысвечаны пакліканню апостала Мацвея (Лк 5, 27-32), а таксама гісторыя аб адыходзе і вяртанні марнатраўнага сына да бацькі (Лк 15, 11-32). Пасля кожнай з канферэнцый удзельнікі задавалі святару пытанні і спрабавалі разам разабрацца ў іх.
Важнай часткай духоўных практыкаванняў былі малітва і магчымасць споведзі. Кожны дзень сабраныя на рэкалекцыях удзельнічалі ў святой Імшы, у суботу ж мелі магчымасць прыступіць да сакрамэнту пакаяння і затрымацца на адарацыі Езуса ў Найсвяцейшым Сакрамэнце. Ксёндз Ян правёў для навучэнцаў каледжа набажэнства Крыжовага шляху.
У канцы духоўных практыкаванняў удзельнікі падзякавалі святару за іх правядзенне, за дадзеную магчымасць нанова адкрыць любоў Бога да чалавека. Яны пажадалі рэкалекцыяністу і сабе жывых адносін з Хрыстом і нястомных пошукаў прысутнасці Бога ў жыцці.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі