З 16 па 18 лютага, у першыя дні Вялікага посту, у парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Росі (Ваўкавыскі дэканат) прайшлі рэкалекцыі для мужчын пад назвай “Куды вядуць мяне мае думкі?”. Рэкалекцыі арганізавала каталіцкая супольнасць “Мужчыны святога Юзафа”.
Як паведамляе msj.by, гэтыя духоўныя практыкаванні для мужчын сабралі найбольшую колькасць удзельнікаў, якія прыбылі не толькі з Гродзеншчыны, але і з Мінска.
З канферэнцыямі выступаў на рэкалекцыях кс. Павел Скуба.
Сярод удзельнікаў былі тыя, хто стварыў сваю сям’ю, тыя, хто хоча паступаць у каталіцкую семінарыю, моладзь, дарослыя.
Вось як распавядаюць удзельнікі пра гэтыя рэкалекцыі:
“Я даведаўся, што з думкамі неабходна працаваць. Бо калі чалавек слепа ідзе за імі, можа трапіць у тупік. Хоць думкі схаваныя ад вачэй тых, хто навокал, яны ўсюды з намі і іх заўсёды бачыць Пан. Больш за тое, думкі нараджаюць вельмі канкрэтныя словы, якія могуць стаць словамі жыцця або смерці для іншых. Думкі маюць вялікую моц, таму што вызначаюць учынкі.
Розум чалавека атручаны грахоўнасцю, таму думкі могуць паходзіць ад грахоўных жаданняў ці быць скажоныя, напрыклад, эгаізмам. Такія думкі могуць стаць магчымасцю для наступнага граху…
Я знайшоў адказ на пытанне, як кіраваць сваімі думкамі: хрысціянін – гэта той, хто асэнсоўвае сябе і свае думкі. Гэты працэс можна запусціць з дапамогай унутранага дыялогу і Святога Пісання. Кожны ў стане праверыць свае думкі на адпаведнасць Божаму слову. У тым, каб накіраваць думкі да Найвышэйшага, дапамагае малітва…
Для ўзрастання ў непахіснасці і яснасці розуму (г.зн. цвярозасці) дапамогуць практыкаванні, накіраваныя на ўтаймаванне цела, што асабліва актуальна ў Вялікі пост.
Рэкалекцыі аказаліся глыбокімі і назаўсёды змянілі мяне знутры…”
“Рэкалекцыі сталі для мяне яшчэ адной магчымасцю прыслухацца да голасу Пана і ўмацавацца ў сваім пакліканні… Дзякуючы духоўным практыкаванням я даведаўся, што рабіць са сваімі думкамі і як паступаць, каб захаваць сваю веру”.
“Прыехаў, каб ачысціць сваю душу і асабліва памаліцца за родных і блізкіх у Вялікі пост. Для мяне такія рэкалекцыі як лекі”.
“Мяне закранула тэма, нетыповая для каталіцкіх казанняў. Аказваецца, там, у галаве, ёсць жыццё, і яно непасрэдным чынам уплывае на тое, які я хрысціянін. Таму ехаў сюды з мэтай узяць нешта, каб правесці пост перад Вялікаднем больш плённа. Мне здаецца, гэта атрымалася. Набыў бясцэнны духоўны вопыт прабывання з Панам…”
“Хацелася разабрацца, якія думкі прыводзяць мяне да граху, а якія дазваляюць заставацца з Богам. Думаю, у гэтым важна разабрацца кожнаму. У тым хрысціянскім асяроддзі, якое тут, можна духоўна насыціцца здалёк ад мітусні”.
“Мае думкі часам вядуць мяне да дрэнных рэчаў. Да рэкалекцый я не заўважаў гэтага. Таму Пан дазволіў мне быць тут, бо некаторыя словы мне проста трэба было пачуць. Напрыклад, што хрысціянін – гэта той, хто ўсё робіць усвядомлена, а таксама што сапраўдная пакора – гэта цвярозая ацэнка сябе”.
“Для мяне духоўныя практыкаванні сталі прыемнай нечаканасцю. Такія сустрэчы неабходныя для веруючага, каб сабрацца з думкамі”.