Курыя Гродзенскай дыяцэзіі са смуткам паведамляе, што 20 лютага ў бальніцы ў Гродне адышоў у вечнасць кс. Ян Гавецкі, адміністратар парафіі Маці Божай Шкаплернай (св. Юды Тадэвуша) у Прывалцы, які раней шмат гадоў быў пробашчам парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі і дэканам Іўеўскага дэканату.
Праграма пахавальных мерапрыемстваў:
21 лютага, серада
18.00 – прывоз цела ў касцёл Маці Божай Шкаплернай (св. Юды Тадэвуша) у Прывалцы
18.30 – святая Імша
22 лютага, чацвер
11.00 – прывоз цела ў касцёл Маці Божай Анёльскай (францішканскі) у Гродне
12.00 – пахавальная святая Імша, потым пахаванне на Старых каталіцкіх могілках (вул. Прыгарадная)
Ксёндз Ян Гавецкі нарадзіўся 28 сакавіка 1962 г. у Гродне. Прэзбітэрскае пасвячэнне яму ўдзяліў 27 мая 1990 г. у гродзенскім фарным касцёле св. Францішка Ксаверыя, у той час першай у Беларусі малой базыліцы, сённяшні арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Пасля пасвячэння адзін год быў вікарыем парафіі св. Яна Хрысціцеля ў Шакяі (Літва). Потым вярнуўся на радзіму і ў 1991-1996 гг. быў пробашчам парафіі ў Трабах, а з 1996 да 2021 г. – пробашчам парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі.
У 2022 г. быў прызначаны адміністратарам парафіі Маці Божай Шкаплернай (св. Юды Тадэвуша) у Прывалцы (дэканат Гродна-Усход).
Ксёндз Ян Гавецкі быў вядомы як ініцыятар розных душпастырскіх акцый. Менавіта ён быў галоўным натхняльнікам дэканальных фестываляў калядак і пастаралак, якія праходзяць штогод у Доме культуры ў Іўі.
Вечны адпачынак дай яму, Пане…