1 лютага Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі адзначыў 10-ю гадавіну біскупскага пасвячэння. З гэтай нагоды ў мінскім архікатэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі адбылася ўрачыстая Эўхарыстыя, якую ўзначаліў юбіляр.
Літургія сабрала шматлікіх удзельнікаў – як духоўных асобаў, так і свецкіх, у тым ліку з Гродзенскай дыяцэзіі.
Гамілію прамовіў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Менавіта ён удзяляў сённяшняму арцыбіскупу Станеўскаму спачатку дыяканскае пасвячэнне, потым – прэзбітэрскае, а дзесяць гадоў таму – біскупскае.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне назваў прэзбітэрскае і біскупскае пасвячэнні аднымі з найбольш узнёслых момантаў святарскага жыцця, якія “незваротна ўпісваюцца ў кожнае святарскае сэрца, а таксама ўяўляюць сабой незнішчальны след”.
Па яго словах, Святы Айцец Францішак, узносячы да біскупскай годнасці сына гродзенскай зямлі, хацеў даць мясцоваму Касцёлу добрага пастыра, які ведае сваю аўчарню, яе клопаты і патрэбы.
“Адразу пасля прыняцця біскупскага пасвячэння сённяшні арцыбіскуп прыступіў з юнацкім энтузіязмам да выканання гэтай адказнай місіі, даручанай Касцёлам. Углядаючыся ў Езуса, не маючы ніякіх ваганняў, ён “уваходзіў” у авечак, каб пранікацца іх пахам, каб разносіць водар Хрыста”, – сказаў іерарх.
Біскуп дадаў, што дзякуючы служэнню сённяшняга Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага сотні людзей былі ўмацаваны дарамі Духа Святога ў сакрамэнце канфірмацыі; што ён з вялікім клопатам пераадольваў тысячы кіламетраў, “каб наведаць парафіяльныя супольнасці дзеля таго, каб Евангелле дасягнула сем’яў і старэйшага пакалення, каб працягвала здзяйсняцца новая евангелізацыя, якая вядзе да жыцця ў адзінстве з Богам і іншым чалавекам”. Яго заўсёды асабліва любілі дзеці і моладзь, з якімі ён умее знаходзіць агульную мову, а для семінарыстаў ён стаўся сапраўдным бацькам і старэйшым братам.
Праз амаль восем гадоў служэння на Гродзеншчыне Бог вызначыў для біскупа Юзафа яшчэ больш адказную задачу – стаць бацькам сям’і Мінска-Магілёўскага Касцёла, нагадаў біскуп Аляксандр. “Мы верым, што сам Хрыстус як добры Пастыр выбірае і кліча тых, каму даручае такую ганаровую і адказную задачу”, – падкрэсліў іерарх.
Звяртаючыся да юбіляра, біскуп Гродзенскі сказаў: “Няхай радасць, якая прамяніцца ў асобе арцыбіскупа, у словах, вачах і ўсмешцы, спрыяе пашырэнню Добрай Весткі на нашай зямлі і напаўняе сэрцы тых, да каго пажадае паслаць свайго руплівага пастыра Езус Хрыстус”.
Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі атрымаў біскупскае пасвячэнне 1 лютага 2014 года ў катэдральнай базыліцы св. Францішка Ксаверыя ў Гродне. Галоўным пасвячаючым быў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, асістуючымі – тагачасны Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі