2 лютага, у свята Ахвяравання Пана, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч узначаліў Эўхарыстыю ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне.
На Імшы сабраліся шматлікія жыхары горада, a таксама студэнты Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. З нагоды Сусветнага дня кансэкраванага жыцця асабліва маліліся за ўсіх кансэкраваных асобаў, якія, даўшы абяцанні евангельскіх цнотаў, прысвяцілі сябе Богу. Сёлета гэты дзень у Паўсюдным Касцёле адзначаўся ў 28-ы раз.
На пачатку літургіі біскуп благаславіў запаленыя грамнічныя свечкі, якія вернікі прынеслі ў касцёл згодна з традыцыяй свята Ахвяравання Пана. Затым адбылася працэсія.
У гаміліі пробашч катэдральнай парафіі кс. канонік Ян Кучынскі растлумачыў значэнне грамнічнай свечкі. Таксама ён засяродзіў увагу на сутнасці гэтага свята, якое заахвочвае людзей кожны дзень ахвяроўваць Богу свае радасці і турботы.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Станіслаў Бервячонак